Беларускі паэт Славамір Адамовіч (berserk5), які ў 2002 з'ехаў у Нарвегію, плануе вярнуцца дадому. Пра гэта сам паэт паведаміў Еўрарадыё.
МЗС Беларусі ў адказ на запыт Адамовіча параіў яму звярнуцца ў амбасаду:
«Для атрымання дакумента на вяртанне ў Рэспубліку Беларусь — пасведчання на вяртанне ў Беларусь, Вам неабходна звярнуцца ў замежнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь. Найбліжэйшае — Пасольства Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Швецыя».
Славамір Адамовіч днямі падаў дакументы ў беларускую амбасаду ў Швецыі на атрыманне праязнога дакументу для вяртання ў Беларусь.
Нагадаем, Славамір Адамовіч — паэт, які ў сярэдзіне 1990‑х правёў восем месяцаў у следчым ізалятары беларускага КДБ за верш «Забі прэзідэнта». А ў 2002 паехаў на заробкі ў Нарвегію, дзе атрымаў гуманітарны прытулак. Цяпер жыве на поўначы Нарвегіі ў гарадку Буда.