У суботу 30 мая ў Любліне (Польшча) у межах праекту «Шматкультурны Люблін», мэтай якога з’яўляецца прэзэнтацыя культур нацыянальных меншасцяў, гараджане мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай. Беларуская дыяспара ў гэтым гістарычным горадзе не з’яўляецца самай шматлікай, а беларуская прысутнасьць не адразу «кідаецца ў вочы», але ў гэты дзень люблінцы змаглі пераканацца, што яна тут існуе побач з польскай, украінскай, чачэнскай, цыганскай і інш. Спецыфікай беларускага асяродзьдзя ў Любліне зьяўляецца яго дынамічнасьць: беларусы ў Любліне – гэта перш за ўсё студэнты, якія пасля заканчэньня навукі вяртаюцца ў Беларусь альбо пераяжджаюць у іншыя куткі Эўропы. Менавіта студэнты прэзэнтавалі Беларусь і яе культуру ў Любліне, прычым на даволі высокім ўзроўні.

У старой частцы гораду, у будынку былога Кароннага трыбуналу, дзе паводле люблінскай легенды правіў суд нават сам чорт, адбылася творчая сустрэча з паэткай Тацьцянай Нядбай, якая на дадзены момант навучаецца ў Любліне ў асьпірантуры. Спатканне праводзіў прафесар аднаго з люблінскіх унівэрсытэтаў і драматург Сяргей Кавалёў. Пад спатканьне арганізатарамі быў адведзены толькі маленькі куточак у адным з выставачных залаў, але, як і чакалася, імпрэза не была мнагалюднай. Большасць удзельнікаў якраз і складалі студэнты. Тацьцьяна Нядбай ветліва і з усмешкай на твары прывітала ўсіх сабраных, пасьля чаго расказала пра сваё «навяртаньне» на беларушчыну і агучыла вязанку ўласных вершаў. Гасцей забавіла сьпевам бард Ірына Дарафейчук, а таксама паэт, творца слоў да «Народнага Альбому» Міхал Анемпадыстаў. Тацьцяна Нядбай прамаўляла па‑беларуску і тыя нешматлікія палякі, якія прысутнічалі ў зале, наўрад ці зразумелі змест і праблематыку твораў аўтаркі. Была адчувальная скіраванасць на сваё асяродзьдзе, што нельга лічыць плюсам сустрэчы. Зноў беларусы «варыліся ў сваім соку», а палякі яўна нудзіліся. Для тых, хто разумеў беларускую мову, аднак, сустрэча насіла шчымліва‑настальгічны характар і была сапраўдным адпачынкам духу. Цікавым і арыгінальным падаўся націск маладой беларускай паэткі, зроблены напачатку, на рэчаіснасць «беларушчыны», на якую можна і трэба навяртацца, якая адкрываецца не для ўсіх, а зьяўляецца нібы сваеасаблівай духоўнай плыньню, якая цалкам паглянае чалавека, патрапіўшага ў яе. На спатканьні аб’явілася маладая, апранутая ў джынсы, поўная надзеяў і мараў, летуценная Беларусь.

Яшчэ адным цікавым мерапрыемствам у той жа дзень быў канцэрт «Ноты народаў», які адбыўся ў Цэнтры культуры Любліна. Тут гледачы пазнаёміліся з іншым абліччам Беларусі, прадстаўленым фальклёрным калектывам «Мятліца», у склад якога ўваходзяць студэнты Люблінскага каталіцкага ўнівэрсытэта. На сцэне прагучалі аўтэнтычныя беларускія народныя сьпевы «Туман ярам», «Вясна‑красна», «Ружа‑кветка», а «Купалінцы» падспеўвала амаль уся глядзельная зала. Панове‑любліняне авацыямі сустрэлі беларускі калектыў і доўга не адпускалі іх са сцэны. З залы раз‑пораз былі чутныя выгукі «Жыве вольная Беларусь» і «Беларусь найлепшая». У выступленьні беларусам дапамагалі іх польскія сябры, якія цікавяцца рыцарскай культурай, прадэманстраваўшы некалькі сярэднявечных звычаёвых сцэнак. Выступ закончыўся патрыятычным акордам, які прагучаў у песьні «Ўстань, ліцьвін». Песьня прагучала вельмі шчыра і эмацыянальна, выклікаючы «мурашкі» на скуры слухачоў, а мелодыя настолькі спадабалася, што яе праз некалькі хвілін муркаталі пад носам цыганскія дзеці, якіх безліч было на канцэрце. «Для мяне любоў да Бацькаўшчыны неразрыўная з любоўю да яе мовы і песьні, – пасьля вуступу зазначыла студэнтка 4 курса тэалёгіі Дар’яна Галубкова. – Мы павінны зьмяняць сьвет да лепшага ў Хрысьце, але таксама не павінны забывацца пра найлепшае, што існуе ў традыцыйнай кальтуры, бо гэта нашы вытокі, нашы карані, без якіх мы засохнем, як дрэвы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?