Фота з архіва Вячаслава Федарэнкава

Спартыўны журналіст Вячаслаў Федарэнкаў пакінуў «Прэсбол».

«Така фігня, маляты… 01.08.2003 — 16.01.2021 з гадавым перапынкам на адлучку ў ФХБ [Федэрацыю хакея]. А калі з пазаштатам — наогул 24.03.1995 — 16.01.2021 (з гадавым жа перапынкам на войска). Разам — чвэрць стагоддзя. Думаю, «Прэсболу» мяне мала за што можна папракнуць. Шчыра аддаў газеце самае галоўнае — маладосць. Ды і я не згадаю «Прэсбол» кепскім словам. Здаецца, цяпер самы час яго проста памянуць…» — напісаў Федарэнкаў у Facebook.

У 2020 годзе ў «Прэсболе», 50% акцый якога належаць Беларускай федэрацыі футбола, змяніліся два галоўныя рэдактары: Сяргей Кайко і Дзмітрый Герчыкаў, у выніку Дзмітрый таксама пакінуў пасаду. У снежні, нягледзячы на тое, што рэдакцыя прапаноўвала кандыдатуру са сваіх журналістаў, галоўрэдам быў пастаўлены былы журналіст «Спартыўнай панарамы» і АНТ Сяргей Лісічкін.

У 2020-м газету пакінулі Уладзімір Пірог, Сяргей Мардасевіч, Сяргей Малышка, Арцём Фандо, Дзмітрый Беленькі, Сяргей Шчурко, Аляксандр Шычко, Алена Стрэх.

Сёння «Прэсболу» спаўняецца 30 гадоў. Яго першы нумар выйшаў 16 студзеня 1991 года.

Паказальна, што ў свежым нумары змешчаныя віншаванні ад вядомых спартыўных людзей. Выпадкова ці не, але там няма ніводнага чалавека, хто падпісаў ліст за новыя выбары і супраць гвалту.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?