Фармальны падыход. Прыйшоў яшчэ з СССР. Птушачка стаіць, значыцца, усё зроблена. Насамрэч, можа быць усё, што хочаш — зроблена часткова, зусім не зроблена, але наяўнасць птушачкі — упартая рэч, піша ў сябе ў фэйсбуку спявак Лявон Вольскі.

Фармальны падыход у адукацыі — гэта калі настаўніца на дзяржіспыце падсоўвае праблемнаму вучню шпаргалку. Ці «нацягвае» ацэнку.

Фармальны падыход у медыцыне — афіцыйная статыстыка хворых на каранавірус.

У сельскай гаспадарцы — рэкордныя надоі-ўраджаі, а ўся галіна на датацыях.

У прамысловасці — усё працуе ў мінус, але працуе.

Ідэалогіі няма, ідэолагі ёсць — тыповы фармальны падыход.

І вось на астачу. Яны не хочуць, каб большасць палюбіла іхні сцяг, герб, лідара. Яны хочуць, каб прыбралі знакі пратэсту — шэсці, маршы, сустрэчы ў дварах, сцягі, стужкі. Каб фармальна ўсё было лаяльна і спакойна. А тое, што ў людзей усё кіпіць унутры і ўрэшце ўсё адно выбухне — не трэба браць да галавы. А потым будуць здзіўляцца, як з тым Саюзам: усё ж было нармальна, чаму развалілася? Дзе мы ўпусцілі? Ды паўсюль вы ўпусцілі! Са сваімі птушачкамі-рапартамі-з'ездамі-сходамі. Са сваім фармальным падыходам, які не мае нічога супольнага з рэчаіснасцю.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?