Другія суткі міліцыя шукае Сяргея Багдашова, які збег са зброяй 29 мая з будынка суда ў Жодзіне (Мінская вобласць).

Як паведамілі БелаПАН у аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама, на тэрыторыі сталічнага рэгіёна працягвае дзейнічаць план «Сірэна», выезды і выхады з Жодзіна блакіраваныя.

Сяргей Багдашоў абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 4 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж). За ім лічыліся каля трох дзесяткаў крымінальных эпізодаў. Дзяржаўны абвінаваўца патрабаваў прыгаварыць злачынцу да 10 гадоў пазбаўлення волі. Зачытаць прыгавор суддзя не паспеў.

Паводле інфармацыі УУС, 31‑гадовы ўраджэнец Ялізава (Магілёўская вобласць) 29 мая ў 14.40 у будынку суда ўчыніў напад на канваіра, завалодаў яго табельнай зброяй ПМ з васьмю патронамі і ўцёк.

Прыметы Багдашова: на выгляд 30—35 гадоў, рост 178—180 см, сярэдняга целаскладу, валасы цёмныя, стрыжка кароткая, на твары цёмная шчаціна трохдзённай даўніны. Быў апрануты: байка з капюшонам шэрага колеру і чырвонымі ўстаўкамі, джынсы сіняга колеру, на нагах красоўкі чорнага колеру на «ліпучках». Пры сабе мае шалік з лагатыпам аднаго з беларускіх футбольных клубаў. Асаблівыя прыметы: на шыі маюцца сляды ад барацьбы ў выглядзе драпін і гематом. Мае навыкі валодання прыёмамі рукапашнага бою, агрэсіўны, пры затрыманні можа аказваць супраціўленне. Добра ўваходзіць у кантакт, таварыскі.

УУС Мінаблвыканкама просіць усіх грамадзян, якія валодаюць якой‑небудзь інфармацыяй аб месцы знаходжання Багдашова, паведаміць у найбліжэйшы аддзел унутраных спраў або па тэлефонах 229‑04‑03, 229‑05‑90 ці 102.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0