Пра гэта паведамляе сталічная міліцыя. Tut.by згадаў, што вядома пра некаторых узнагароджаных.

Начальнік Ленінскага РУУС Віталь Капілевіч разам з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Мікалаем Строкам узнагародзілі людзей, якія актыўна дапамагалі супрацоўнікам міліцыі. На відэа можна налічыць як мінімум сем чалавек, якія атрымалі ўзнагароды.

Ім падзякавалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю і навядзенне парадку ў раёне, уручылі памятныя падарункі.

Што вядома пра людзей, якіх узнагароджвалі за «навядзенне парадку»?

Асобна Віталь Капілевіч адзначыў Вольгу Забелу, якая спрыяла выяўленню і затрыманню асобы, якая ўчыніла злачынства.

Таксама яна распавяла, што затрымала яшчэ аднаго хлопца-«вандала».

Раней ужо распавядалі, як праходзіў суд над Марыяй Сафонавай, якую і затрымала Забела.

Вольга Забела, скрыншот відэа

20-гадовая Сафонава ўначы ў адным з мінскіх двароў напісала на асфальце фарбай лозунг «Жыве Беларусь» і намалявала побач бел-чырвона-белы сцяг.

Забела сказала на судзе, што лічыць надпіс «Жыве Беларусь» і бел-чырвона-белы сцяг «калабарацыянісцкімі». Сама знаходзіцца ў групе валанцёраў, якія вядуць барацьбу з такой сімволікай.

— Але наогул я лічу, што фасады дамоў павінны быць чыстымі ад усялякіх палітычных надпісаў, — удакладніла яна сваю пазіцыю.

Нагадаем, тады ж на судзе адвакаты агучылі экспертнае заключэнне ад навукоўцаў з Акадэміі навук з нагоды фразы «Жыве Беларусь!» і бел-чырвона-белага сцяга: фраза не з'яўляецца цынічнай, абразлівай, у ёй няма пагарды маральнымі каштоўнасцямі, а сцяг — нацыянальны сімвал беларускага народа, які быў створаны ў 1917 годзе і які двойчы ў гісторыі меў дзяржаўны статус.

Суддзя прысудзіў Марыю Сафонаву да двух месяцаў арышту, дзяўчына падавала апеляцыю.

Юлія Барысёнак на відэа распавяла, што падзяку атрымала за сваю працу арганізатара руху «Антывандал», удзельнікі якога зразаюць бел-чырвона-белыя стужачкі і замалёўваюць бел-чырвона-белыя сцягі і надпісы «Жыве Беларусь».

Скрыншот відэа

У відэароліку з сустрэчы з падзякамі Забела распавядае, што яна злавіла мастакоў, якія малявалі пад яе вокнамі. Жанчына выклікала міліцыю, выйшла на вуліцу і стала здымаць гэтых людзей, каб былі доказы.

— Пачынала сама, затым сталі дадавацца людзі. Мы сталі чысціць горад, прыводзіць у парадак — такі, якім ён павінен быць. Учынак вельмі просты — мы патрыёты, і патрыёты мы не з 9 жніўня, а патрыёты мы з пялёнак і дзякуючы выхаванню нашых бацькоў, непасрэдна жыцця. Аддаць нашу краіну мы не хочам, — сказала Юлія.

Барысёнак лічыць, што бел-чырвона-белы сцяг трэба прыраўняць да нацысцкай сімволікі.

Наступны герой відэа — Віталь Каўрыга. З роліка не зразумела, чым ён вызначыўся, мужчына проста падзякаваў міліцыі.

— За тое, што захавалі нашы дамы, нашы сем'і, нашы працоўныя месцы. Дзякуй, што яны не здрадзілі нам і не прадалі, — сказаў Каўрыга.

Скрыншот відэа

Вядома толькі, што раней мужчына быў ІП, займаўся перавозкамі, а таксама працаваў дырэктарам у фітнес-клубе.

Таксама на відэа сярод узнагароджаных можна пазнаць Дземіда Гарбацэвіча — ён у майцы з дзяржаўнай сімволікай. Удзельнічае ў аўтапрабегах і мерапрыемствах «Антывандал» — ходзіць зразаць стужачкі і зафарбоўваць бел-чырвона-белыя сцягі.

Таксама Гарбацэвіч спявае аўтарскія песні на манер Высоцкага і на ваенную тэматыку.

Скрыншот відэа

Гарбацэвічу 36 гадоў, ён вэб-распрацоўшчык, мужчына распавядаў у інтэрв'ю, што да 9 жніўня быў апалітычны. Дарэчы, раней у яго інстаграме былі фота з аўтапрабегаў і праўладных мітынгаў. Цяпер — ніводнага.