На Віталя Буйноўскага мясцовыя міліцыянты склалі пратакол паводле артыкула 23.34 за правядзеньне несанкцыянаванага пікету. Прыкметамі пікету сталі японскі сьцяг (чырвоны круг на белым палотнішчы) у вакне, белыя і чырвоныя плястыкавыя стужачкі і балёнчыкі, якія віселі на бальконе дома, а таксама надпіс «Гэта ня сьцяг». Віталя папярэдзілі, што разгляд адміністрацыйнай справы, складзенай паводле гэтага пратаколу, адбудзецца, магчыма, 19 студзеня.

18 студзеня ў першай палове дня Віталь выйшаў зь мясцовага ізалятара часовага ўтрыманьня, дзе адбыў два дні ў камэры зь бяздомнымі і аматарамі зашмат выпіць.

Сымболіка якой краіны забароненая?

Рэзчык па камені Віталь Буйноўскі і ягоная жонка Кацярына зь дзецьмі жывуць у Дзяржынску ў прыватным доме. Зь лета на доме вісеў бел-чырвона-белы сьцяг, таксама дом быў упрыгожаны адпаведнымі стужачкамі і балёнікамі. За адданасьць беларускай гістарычнай сымболіцы гаспадароў дому ўжо 5 разоў штрафавалі. Можа, цяпер Віталя і не пасадзяць, але новага штрафу, як ён лічыць, пазьбегнуць ня ўдасца.

«Міліцыянты, што прыехалі да нас, былі нашыя. Пытаюся ў іх: а чаму сьцяг Японіі вы залічылі ў забароненую сымболіку? Што мне, скардзіцца ў амбасаду Японіі, ці як? Паціскаюць плячыма. Кажуць, суд хай вызначае, а іхная справа — адабраць. Калі што, дык паабяцалі ўсё вярнуць, і сьцяг японскі. Але, мяркую, рашэньне прадвызначанае. Самі сказалі, што маюць загад зь Менску, маўляў, наш дом стаў вядомы на ўсю Беларусь, загадана разабрацца», — расказвае Віталь пра размову зь міліцыянтамі, якая адбылася ў мінулую суботу ва ўправе міліцыі Дзяржынскага раёну.

Паводле Віталя Буйноўскага, ён адмовіўся падпісваць пратакол аб адміністрацыйным парушэньні і ўвогуле пакідаць у ім сваё тлумачэньне. «А што тут тлумачыць? На якой законнай падставе мне могуць дыктаваць, што можна ва ўласным доме вывешваць? Няма такога закону, гэта самаўпраўства», — лічыць Віталь Буйноўскі.

Раней у інтэрвію журналістам адносна першага пратаколу за бел-чырвона-белы сьцяг на доме Віталь казаў, што «адступаць далей няма куды» і ад нацыянальнага сьцягу ён не адмовіцца. Ці шкадуе, што публічна агучваў пазыцыю, якая не спадабалася ўладам?

«Прадбачыў гэта, але не шкадую. Бо калі проста павесіць сьцяг у шафу і самому на яго глядзець, дык ад гэтага карысьці ніякай. Людзі павінны ведаць пра тваю пазыцыю. Але гэта маё права на выказваньне думкі, і гэта ніякі не пікет — сьцяг у вакне, тым больш унутры дома, і тым больш сьцяг японскі. Можа, заўтра мяне ў японскія шпіёны запішуць? Дык такое ў гісторыі ўжо было, і дапусьціць, каб гэта паўтарылася, нельга», — мяркуе Віталь Буйноўскі.

Адна конаўка на 6 арыштантаў

У ізалятары часовага ўтрыманьня ў Дзяржынску Віталь Буйноўскі правеў амаль два дні — зь вечара 16 студзеня па поўдзень 18-га.

«Кампанія была збольшага неблагая. Пагаворыш з кожным паасобку, дык нармальныя людзі, са сваімі праблемамі, нават драмай. Агульнае тое, што ня могуць сябе знайсьці, бо ў горадзе няма працы, уцягнуліся ў заганнае кола выпіўкі. Ім бы дапамагчы, а іх саджаюць», — згадвае Віталь былых сукамэрнікаў.

На холад і ежу Віталь ня скардзіцца, але што да выкананьня правілаў санітарыі, вельмі актуальных у часы пандэміі каранавірусу, дык тут ён убачыў шмат праблем.

«З гарбатай была праблема, якая дакладна можа прывесьці да перадачы захворваньня. Справа ў тым, што на ўсю камэру выдалі толькі адну конаўку. Таму раздатчык ежы гарачую ваду для гарбаты спачатку разьліваў у плястыкавы кантэйнэр, а потым мы туды кідаем свае пакуначкі з заваркай. І ўжо адтуль п’ем гарбату, па чарзе, карыстаючыся адной конаўкай. Ясна, што калі нехта хворы на каранавірус, дык падхапіць могуць усе. Але адміністрацыю гэта не хвалюе», — кажа Віталь Буйноўскі.

Другім фактарам рызыкі Віталь лічыць тое, як у ізалятары мыюць посуд. Паводле Буйноўскага, гарачай вады ў водаправодным кране не было, да таго ж у камэры было забаронена мець плястыкавыя бутэлькі, у якіх звычайна вязьні награваюць ваду, заціснуўшы паміж сьцяной і батарэяй. Такой цёплай вадой можна было мыць міскі пасьля ежы, але і яе няма, адзначае былы вязень.

«Таму мусілі мыць міскі халоднай вадой з-пад крана. А ці мыў хто іх пасьля нас, невядома. Мяркую, што не».

Таксама Віталь Буйноўскі зьвярнуў увагу на тое, як фармальна выконвалася ў ІЧУ Дзяржынскага раёну правіла абавязковага карыстаньня мэдычнымі маскамі.

«У камэры ўсе, натуральна, сядзяць бяз масак, бо інакш ужо праз гадзіну вельмі цяжка дыхаць. Прычым за два дні ніхто дэзынфэкцыі не праводзіў, нас на прагулкі ці ў душ не выводзілі. Затое калі ўваходзіць міліцыянт, дык ён у масцы і нам загадвае надзець маскі. Таму ўзьнікае ўражаньне, што яны толькі пра сябе клапоцяцца, каб не падчапіць «карону», а што з арыштантамі будзе, ім усё роўна», — мяркуе Віталь Буйноўскі.

Ён кажа, што ў горадзе абстаноўка з каранавірусам цяпер больш напружаная, чым была ў канцы мінулай вясны.

«Цяпер шмат знаёмых хварэе ці ўжо перахварэлі. Гэтак часта пра гэта кажуць, што ўжо прызвычаіліся», — адзначае Віталь Буйноўскі. Сам ён сымптомаў захворваньня пакуль не адчувае.

Агулам сям’ю Буйноўскіх аштрафавалі за сьцягі на доме ўжо больш як на 2 тысячы рублёў.

«Як будзем плаціць, ня ведаю. Працы няма, усё стаіць. Будзем думаць», — кажа Віталь Буйноўскі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?