Федэральнае бюро расследаванняў (ФБР) ЗША папярэдзіла праваахоўныя органы аб тым, што прадстаўнікі ультраправых рухаў мелі намер пранікнуць на цырымонію інаўгурацыі абранага прэзідэнта Джозэфа Байдэна пад выглядам вайскоўцаў Нацыянальнай гвардыі. Як паведаміла ў панядзелак газета The Washington Post, некаторыя вывучалі карту патэнцыйна ўразлівых месцаў у Вашынгтоне.

У дакуменце спецслужбы, які ўяўляе сабой абагульненне выяўленых пагроз, адзначаецца, што як адзіночкі, так і ўдзельнікі экстрэмісцкіх груп, у тым ліку тых, што штурмавалі Кангрэс 6 студзеня, плануюць прыбыць у Вашынгтон на цырымонію 20 студзеня. ФБР звярнула ўвагу, што ў інтэрнэце вяліся загрузка і абмен картамі ўразлівых месцаў сталічнай акругі Калумбія.

Разам з тым якіх-небудзь канкрэтных сведчанняў змовы з мэтай перашкодзіць інаўгурацыйным мерапрыемствам, падобнай да падзей 6 студзеня, не выяўлена, піша выданне.

Кампетэнтныя органы ЗША ўжываюць павышаныя меры бяспекі ў Вашынгтоне напярэдадні інаўгурацыі Байдэна. Значная частка цэнтра горада, прылеглая да Белага дома і Кангрэса, закрыта для руху аўтатранспарту. Капіталійскі пагорак ачэплены, допуску туды ўжо некалькі дзён для шырокай грамадскасці няма.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?