Беларускія палітыкі прызналіся, як іх называлі ў дзяцінстве і як завуць цяпер.

Сяргей Гайдукевіч, лідэр ЛДП: «У дзяцінстве ў мяне была мянушка Скуратаў — я мог за сябе пастаяць, абараніць адмыслова гонар і годнасць. Пра яшчэ адну не распавяду — няёмка. У арміі быў Піначэтам. Былі і іншыя мянушкі, але яны звычайныя, а таму пра іх казаць нецікава».

Цяпер, у партыі, у вочы Сяргей Гайдукевіча называюць Шэфам, за спіной — інакш. Напрыклад, Гайдуком.

***

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП: «У дзяцінстве Пеле называлі — няблага гуляў і вельмі любіў футбол. У мяне з-за гэтага нават канфлікты былі з настаўнікамі. Нейкіх брыдкіх мянушак не было. У інстытуце скарочана некаторыя называлі Лебедзем».

«Краем вуха» Лябедзька, як і Гайдукевіч, чуў, што аднапартыйцы называюць яго Шэфам. Як за спіной, не ведае. «Мы» ж чулі ў палітычных і журналісцкіх колах розныя вытворныя ад прозвішча варыянты. Але то не заўсёдныя мянушкі.

***

Сяргей Калякін, лідэр ПКБ: «Неяк не згадваецца нешта такое, каб прыляпілася. Мы называлі адзін аднаго імёнамі». Лідэр апазіцыйных камуністаў кажа, што аднапартыйцы звяртаюцца да яго Сяргей Іванавіч альбо па прозвішчы: «А як за кадрам — не ведаю».

А за кадрам, наколькі «Мы» абазнаныя, у асноўным тое самае — прозвішча ды імя і імя па бацьку. Малякін, Лялякін — гэта так, зрэдку, журналісты забаўляюцца.

***

Павал Севярынец, сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі»: «У школе звалі Касперам. Быў такі герой мультфільмаў, які ўсім дапамагаў. А да мяне таксама часта звярталіся ў школе — дапамагчы разабрацца ў нечым, даць спісаць і г.д. Вось таму так і празвалі. Ва універсітэце часам называлі Северам. А падчас заснавання «Маладога фронту» — у 1997-98 гадах — не ўсе, але некаторыя называлі Паша Жыве Беларусь».

Зараз, як кажуць паплечнікі Паўла па партыі, у яго няма мянушак. Хаця сярод журналістаў яго часцяком называюць Северам. Апошнім часам палітыка таксама называюць Махатма. Пэўна таму, што Севярынец не быў заўважаны ў нейкіх брудных інтрыгах ды гульнях ці проста з-за яго высокамаральнай рэпутацыі. Нагадаем, што тытул «Махатма» (вялікая душа) у 1915 годзе паэт Рабіндранат Тагор прымяніў да індыйскага палітыка Махандаса Гандзі, які дамогся незалежнасці Індыі ад Брытаніі.

***

Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ: «У школе, але нядоўга, дзесьці да 5-га класу, звалі Баршчом. Падчас студэнтцтва мянушак, здаецца, не было. Хаця расейскамоўныя студэнты выкарыстоўвалі імя Лявон менавіта як мянушку. Яны чулі, што мяне так завуць мае браты ды блізкія сябры. Яны ж (расейскамоўныя) не ўспрымалі Лявона як імя».

Зараз у палітычным ды журналісцкім асяродку Лявона Баршчэўскага раз-пораз, бывае, называюць ягонай дзіцячай мянушкай, утворанай, зразумела, ад прозвішча, — Боршч.

***

Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь: «Мяне ў дзяцінстве звалі Шуша. Дарэчы, так потым звалі ў школе і дачку, і ўнучку. Зараз сябры ды знаёмыя, бывае, называюць чамусьці Белавежскім Зубрам. Ад Масквы — да Варшавы».

У палітычных колах Станіслава Шушкевіча любяць дагэтуль зваць крыху скарочанай дзіцячай мянушкай — Шуш.

Мы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0