У інтэрв'ю Радыё Свабода ён расказаў пра выключаных і арыштаваных студэнтаў, маўчаньне большасьці выкладчыкаў, а таксама верыць у тое, што сыходзіць, каб вярнуцца і выкладаць у новай Беларусі.

Аб прычынах звальненьня

— Вы звольніліся на знак пратэсту супраць дзеяньняў дзяржавы і ў відэазвароце, які апублікавалі, зьвязваеце гэта зь немагчымасьцю далейшай працы ў дзяржаўнай арганізацыі. Я так разумею, што гэтае рашэньне высьпявала даўно. Што стала апошняй кропляй?

— Не сакрэт, што далёка ня першы дзень у мяне былі разыходжаньні з палітыкай дзяржавы, з палітыкай у галіне адукацыі. Калі 1 верасьня пачынаўся навучальны год, мне было цікава прыйсьці на агульны ўнівэрсытэцкі сход і паглядзець, як усё будзе адбывацца, як пасьля ўсяго гэтага можна пачынаць нармальнае жыцьцё, быццам нічога не адбылося. На пачатку верасьня здавалася, што зьмены прыйдуць хутка, і не было адчуваньня, што трэба сыходзіць… Цяпер відаць, што супрацьстаяньне больш доўгатэрміновае.

Рашэньне я прымаў у канцы лістапада, калі заканчваўся кантракт і трэба было пісаць заяву на яго працяг. Я напісаў заяву пра сыход, у якой выклаў усе свае грамадзка-палітычныя матывы. Празь месяц скончыўся кантракт. Я не разумеў, якім чынам гэта можа працягвацца і як можна там заставацца, бо было адчуваньне, што ты становісься часткай машыны рэпрэсій. Я разумею калегаў, якія кажуць, што мы застанемся дзеля студэнтаў і добрай справы. Часам гэта сапраўды сьмелыя людзі, а часам добрая адмазка, каб нічога ў жыцьці не рабіць. Мне здавалася, што сымбалічны сэнс гэтага кроку, можа, крышачку падштурхне і дасьць пэўныя настроі ў грамадзтве.

Пра ўнівэрсытэт насупраць Драздоў

— Спорт — гэта адна з галоўных сфэраў, якая цікавіць Лукашэнку. У ягоным найбліжэйшым атачэньні пераважна спартоўцы; пратэст спартоўцаў стаўся адным з самых балючых удараў для яго, адпаведная і помста спартоўцам, і гэты праўладны ліст, які так апантана прымушаюць падпісваць. Ваша ўражаньне, наколькі ўнівэрсытэт фізычнай культуры быў, як кажуць, пад асабістым кантролем Аляксандра Лукашэнкі?

— Сапраўды, месца ў нас сымбалічнае. Спадар Лукашэнка на выбарах заўсёды галасуе ў нас ва ўнівэрсытэце на першым паверсе; адпаведна, выбарчая камісія складаецца з выкладчыкаў. Таксама дзіўна было б хадзіць па калідорах з калегамі, якія фальсыфікавалі выбары, якія сфальсыфікавалі ўсе галасы, акрамя аднаго, бо на нашым участку дакладна быў адзін сапраўдны голас за Лукашэнку.

Праз тое, што ўнівэрсытэт разьмешчаны насупраць Драздоў, ёсьць павышаная ўвага да акцый студэнтаў, бо гэтыя акцыі былі фактычна насупраць Драздоў і побач з «Менск-Арэнай». Магчыма, праз гэты ціск ня змог так разгарнуцца і студэнцкі рух, як, мне на пачатку навучальнага году здавалася, ён мог бы разгортвацца, бо студэнты заўсёды рухавікі пераменаў, рухавікі рэвалюцый.

Калі людзей запужваюць, не даюць сабрацца, калі іх літаральна замыкаюць ва аўдыторыях, каб ня выпусьціць у той час, калі прызначана акцыя, гэта проста дзікунства. І калі калегі пра гэта гавораць жартачкамі («Ха-ха, зноў зачынілі, не выпускаюць студэнтаў»), то ты разумееш, што ўнівэрсытэт спрабуюць пераўтварыць у вязьніцу. Калі калегі кажуць, што, замкнуўшы, такім чынам абаранілі студэнтаў, мне гэта ня блізка. І таму я ня мог быць часткай гэтай сыстэмы.

— Вы гаварылі ў сваім звароце пра выключаных студэнтаў; пра студэнтаў, якія сядзяць у СІЗА, і пра запалоханых выкладчыкаў. Ці вы першы публічна сышлі на знак нязгоды?

— Была калега, якая сышла, але не рабіла гэта публічна. У мяне ёсьць пэўная публічнасьць, і я магу ёй скарыстацца, каб пашырыць гэту інфармацыю. Шмат хто баіцца публічнасьці. Можа, і хапае сілаў звольніцца, але не хапае сілаў пра гэта публічна сказаць. Мне пасьля звароту пісалі ў прыват, ці мяне не арыштуюць, ці ня трэба мне ўцякаць з краіны. Усё можа быць, але спадзяюся, такога ня будзе. Заўсёды ёсьць рызыкі. Адзін з пасылаў майго звароту: «Калі сядзець, баяцца рызык і нічога не рабіць, дык што тады?» Прасьцей за ўсё легчы пад коўдру і не высоўвацца, але хіба такім мусіць быць выкладчык? Напрыклад, кажуць на нешта здаць 2 рублі; асабліва ніхто ня хоча, людзі паказваюць, што ім гэта не падабаецца, але здаюць. Я кажу: «Вось я ня здаў і мне нічога не зрабілі, чаму ж вы здаяце?» Людзі адказваюць: «А раптам што?» Я разумею, што людзі трымаюцца за сваё месца, людзям страшна, і гэта менавіта той страх, якога б хацела сыстэма, каб усе займаліся самацэнзурай, каб усе змагаліся адзін з адным, а не разумелі, дзе асноўныя праблемы — у ціску, адміністрацыі, недэмакратычных захадах.

Таму я хацеў скарыстацца сваім сыходам, каб у тым ліку падтрымаць калег, каму не хапіла моцы пайсьці ці публічна сказаць пра гэта. Я ведаю настроі, і яны далёка не праўладныя. Бачу сярод калег адзінкі, якіх умоўна можна назваць «ябацькамі». У асноўным гэта людзі адэкватныя, але проста ім страшна.

Аб працы ў камандзе Чэрачня і яго пазыцыю

— Вы былі даверанай асобай былога кандыдата на прэзыдэнта Сяргея Чэрачня. Ён фактычна зьнік з публічнай прасторы пасьля галасаваньня. Ці падтрымліваеце вы нейкія сувязі, маеце сумесныя праекты, інтарэсы, палітычныя ці іншыя?

— Я падтрымліваю зь ім сувязі. Сяргей у гэтай кампаніі не апраўдаў надзеяў тых, хто ад яго нічога і не чакаў. Людзі казалі, што ён нічога ня зробіць, прызнае выбары, будзе ябацькам. Прынамсі мы пабачылі, што нічога падобнага не атрымалася. Я і мае калегі, якія былі даверанымі асобамі, займаліся незалежным назіраньнем. Гэты выбарчы год і гэтая выбарчая кампанія — ня тая, дзе Сяргей мог напоўніцу раскрыцца. Цяпер патрэбны рэвалюцыйныя лідэры, а Сяргей ня ёсьць рэвалюцыянэрам, і ў праграме мы гаварылі пра іншыя рэчы. Мне пісалі, што ён здраднік, прызнае выбары, падыгрывае рэжыму, але нічога такога не адбылося.

Наконт маёй будучыні. Я чалавек лібэральных поглядаў, мяне ня вабіла прыналежнасьць да дзяржавы. Я разумею, што калі пачнуцца перамены, магчыма, будзе патрэбен і мой досьвед, мая экспэртыза. Але дзяржаўная служба — гэта ня тое, аб чым я мару. На гэты момант мяне цалкам задавальняе мая праца як аналітыка; як індывідуальнага прадпрымальніка, які аналітыкай займаецца. Бо, акрамя таго, што выходзіць на вуліцы (па шчырасьці, я і гэта раблю), важна рабіць справу, якой я займаюся.

Пра сыход для таго, каб вярнуцца

— У сваім відэазвароце вы гаворыце пра тое, што сыходзіце, каб вярнуцца і выкладаць у новай Беларусі. Як аналітык якім вы бачыце разьвіцьцё палітычнай сытуацыі ў Беларусі сёлета?

— Яшчэ летам мы з калегамі казалі, што гэта будзе вельмі складаная і вельмі цяжкая справа. У пэўны момант усім хацелася пазытыўных навінаў (у чым прычына папулярнасьці Максіма Каца). Калі ты будзеш гаварыць, што будзе складана, доўга; будзе шмат ахвяраў, будзе кроў, і толькі праз гэта да чагосьці добрага можна будзе прыйсьці, то гэта ня надта канструктыўны пасыл. Але цяпер беларусы самі гэта ўсё зразумелі: што гэта будзе доўга і ня будзе лёгка, і ёсьць рызыкі. Але людзі на гэта ідуць, і я вельмі ўсьцешаны, наколькі людзі апынуліся гатовыя да рызык і да доўгатэрміновага змаганьня.

А гэта самае важнае, наколькі чалавек гатовы не адзін раз зрабіць учынак, а кожны дзень, кожны тыдзень выходзіць і нешта рабіць. Гэты запал нікуды не падзеўся. Як казалі палякі ў «Салідарнасьці», зіма ваша, а вясна — наша. Калі будзе вясна і лета, будзе шмат знакавых падзеяў і нагодаў. Пратэст дакладна працягнецца. Мы ўжо бачым, як дваравыя чаты пачынаюць узаемадзейнічаць адзін з адным, аб’ядноўвацца і рабіць сумесныя акцыі. Мы будзем бачыць, як праз нізавую ініцыятыву будуць рабіцца большыя маршы, і надворʼе будзе спрыяць.

Калі глядзець больш стратэгічна, то перамены прыйдуць, перамога будзе. Як мінімум таму, што стратэгічна няма ніякага рэсурсу, якім улада магла б вярнуцца ў мінуўшчыну. Эканамічнага рэсурсу няма, і пэрспэктываў не праглядаецца. І прыклад чэмпіянату важны тым, як беларусы супольнымі дзеяньнямі ўнутры краіны і дыяспары не даюць уладзе зрабіць тое, што ёй хацелася б. Палітыка — гэта ня толькі махаць дручком унутры краіны. Як аналітык я ня бачу ў рэжыму рэсурсу на стратэгічную пэрспэктыву. Так, можна сёньняшнюю сытуацыю працягнуць на месяц, на паўгода, можа, на год, але стратэгічна перамога непазьбежная.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?