Словы Навальнага былі апублікаваныя ў аўторак увечары на старонцы палітыка ў Інстаграме.

У звароце апазыцыянэр распавёў пра ўмовы свайго ўтрыманьня — «невялікая каманда, акно, жалезны ложак», падкрэсьліўшы ў чарговы раз, што не шкадуе аб тым, што вярнуўся ў Расею.

«Інакш я паступіць ня мог, і ў гэтым няма ні патасу, ні ахвярнасьці, ні фаталізму — цалкам рацыянальны выбар», — адзначыў Навальны, дадаўшы, што адмаўляецца мірыцца з беззаконьнем у Расеі і «маўчаць, слухаючы бессаромны падман Пуціна і яго сяброў, якія загразьлі ў карупцыі».

У канцы Навальны заявіў, што адзіныя, каго баіцца ўлада — гэта тыя, хто «змагаецца як можа». Палітык заклікаў далучацца да такіх людзей.

Некалькімі гадзінамі раней сакратар Грамадзкай назіральнай камісіі Масквы Аляксей Мельнікаў паведаміў, што наведаў Навальнага ў СІЗА. Са словаў Мельнікава, апазыцыянэр зьмяшчаецца адзін у камэры на трох чалавек, паколькі пасьля прыбыцьця з-за мяжы павінен прайсьці двухтыднёвы карантын.

У камэры ёсьць лядоўня, электрычны чайнік, тэлевізар і гарачая вада. «Аляксей Анатольевіч сказаў камісіі, што ён рады зноў апынуцца на Радзіме і падзякаваў за падтрымку. Навальны сказаў, што з боку супрацоўнікаў установы маральнага і фізычнага ціску на яго не аказваецца», — напісаў Мельнікаў у сваім тэлеграм-канале.

У СІЗА Навальны павінен прабыць да суду аб замене яму ўмоўнага тэрміну на рэальны паводле прысуду, які быў вынесены ў 2014 годзе па справе «Іў Рашэ».

Пасяджэньне прызначанае на 2 лютага. Дзясяткі краін запатрабавалі неадкладнага вызваленьня Навальнага. Штаб палітыка абвясьціў аб маштабных акцыях пратэсту па ўсёй Расеі 23 студзеня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?