Кацярына Барысевіч. Фота Вольгі Шукайла, Tut.by
Тэрміны падаўжэння меры стрымання не выдаюцца, паколькі Генпракуратура лічыць гэта таямніцай следства. Другі абвінавачаны па справе, доктар Арцём Сарокін, таксама пад вартай, нягледзячы на прызнанні, якія ён двойчы агучыў для дзяржаўнага тэлебачання, піша Tut.by.
Кацярына Барысевіч была затрыманая 19 лістапада. Пазней ёй і Арцёму Сарокіну выставілі абвінавачванне ў «разгалошванні медыцынскай таямніцы, якое пацягнула цяжкія наступствы» (ч. 3 арт. 178 КК РБ). Падставай стаў апублікаваны 13 лістапада артыкул, у якім гаварылася, што ў крыві Рамана Бандарэнка не было алкаголю. Гэта разыходзіцца з версіяй СК і Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым родныя Рамана да журналісткі і доктара прэтэнзій не маюць.
Адзначым, што за збіццё Рамана Бандарэнкі ніхто не затрыманы, больш таго — да гэтага часу не заведзена крымінальная справа, родныя не прызнаныя пацярпелымі.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна вязнямі сумлення.