Яго прызналі вінаватым і прызначылі два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміі». Справу разгледзела суддзя Вера Філонік. Дзяржабвінаваўца — пракурор Дайнэка, паведамляе spring96.org.

Пацярпелы — супрацоўнік АУС адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Павел Тасоеў.

Аляксандра Глазырына абвінавацілі ў тым, што 18 кастрычніка 2020 года ён наўмысна абразіў прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, размясціўшы паведамленне ў тэлеграм-канале «Брест 97%». Віна Глазырына, па словах пракурора, пацверджана сведчаннямі абвінавачанага, пацярпелага і сведак, пратаколам агляду месца злачынства, аглядам дакументаў, высновамі экспертаў.

Аляксандр Глазырын прызнаў віну цалкам. Сказаў, што ўбачыў у чаце паведамленне з просьбай апазнаць па фотаздымках двух асоб, якія затрымлівалі мірных грамадзян. На адным з іх ён пазнаў сябра дзяцінства Паўла.

«Я быў злы праз сітуацыю ў краіне, — сказаў Глазырын. — Таму пракаментаваў гэты фотаздымак і наступны, дзе Павел быў у форме. Спачатку я не быў упэўнены, што ён супрацоўнік міліцыі. Хаця да дзясятага жніўня я адносіўся да міліцыі нейтральна. Мае дзеянні тычыліся канкрэтнай фатаграфіі і не мелі на мэце прычыніць шкоду ўладзе ў шырокім сэнсе. Зараз я раскайваюся: зрабіў гэта праз эмоцыі, здзейсніў глупства».

Павел Тасоеў распавёў, што 18 кастрычніка пасля службы ўбачыў у канале свае фотаздымкі і фотаздымкі былой жонкі.

«Стала крыўдна, бо нічога дрэннага людзям не зрабіў, — сказаў ён. — Навошта абражаць публічна? Я паведаміў кіраўніцтву, напісаў заяву. Лічу, што каментар прычыніў шкоду майму аўтарытэту».

Суд таксама заслухаў сведку па справе, даследаваў пісьмовыя матэрыялы справы, у тым ліку экспертызу. Згодна з ёй, у тэксце паведамленняў Глазырына ўтрымліваецца негатыўная ацэнка асобы, а таксама пералічаныя ўсе стылістычныя сродкі, з дапамогай якіх гэта было дасягнута.

Адвакат папрасіў улічыць, што злачынства, кваліфікаванае Глазырыну, не ўяўляе грамадскай небяспекі, а таксама асобу абвінавачанага і яго станоўчую характарыстыку па месцы працы.

«Яго бездакорныя паводзіны цягам некалькіх месяцаў — памкненне да законапаслухмянага ладу жыцця. Пры такіх абставінах маюцца падставы для прымянення ў адносінах да яго артыкула 79 Крымінальнага кодэкса і вынясення абвінаваўчага выраку без пакарання», — адзначыў абаронца.

Абвінаваўца адзначыў, што Глазырын разумеў грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў, і прыйшоў да высновы, што ён вінаваты ў здзяйсненні злачынства. Пракурор Дайнэка запрасіў для абвінавачанага два гады абмежавання волі без накіравання яго ў папраўчую ўстанову — «хатняй хіміі». Менавіта такі вырак і вынес суд.