Урачыстае асвячэнне вады на рацэ Мнюціцы ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета. Сярэдзіна 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Фота з архіва Зінаіды Елісеевай (Мяцеліца).

Як бачым, ніхто голы ў палонку не лезе. Такой традыцыі не было ў царкоўным жыцці ў Беларусі, яна прынесена ў 90-я гады расійскай масавай культурай. Яно ж і відавочна — хто б даўней так не меў сораму, што стаў бы пры людзях раздзявацца і лезці ў ваду.

А вось як апісвае святкаванне Вадохрышча ў сваёй працы «Абрады і звычаі Дзісеншчыны» Васіль Стома, які правёў дзяцінства і юнацтва якраз у Лужках:

«На Вадохрышча ў некаторых цэрквах, асабліва калі яны знаходзіліся недалёка ад ракі ці возера, адбывалася ўрачыстае пасвячэнне вады. Дзеля гэтага ўжо за пару дзён перад святам выразаўся з лёду вялікі колькіметровы крыж, які фарбаваўся найчасцей ярка-сіняй фарбай і ўстанаўляўся на лёдзе недалёка ад берагу ракі; навокал крыжа расстаўляліся зялёныя ялінкі ды іншыя ўпрыгожанні. Пасля заканчэння Багаслужбы ў царкве ў бок ракі ці возера ішоў хрэсны ход; па кароткіх малітвах над вадой святар апускаў у загадзя прасечаную палонку напрастольны крыж і гэтым самым асвячаў ваду. У часе апускання крыжа паліцыя, войска ці іншыя стралкі давалі залпам тры выстралы.

Пасля заканчэння Багаслужбы на рацэ кожная сям'я набірала з палонкі вады ў загадзя падрыхтаваную пляшку. Гэтая вада лічылася святой ды перахоўвалася праз цэлы год для ўжытку ў розных выпадках, такіх як пажар, раптоўная хвароба і г. д.»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?