01.06.2009 / 22:42

Сутнасць чалавека 1

Кнігу Ганны Соўсь «Адзін дзень палітзняволенага» не выпадкова параўноўваюць са славутым салжаніцынскім апавяданнем «Адзін дзень Івана Дзянісавіча».

Кнігу Ганны Соўсь «Адзін дзень палітзняволенага» не выпадкова параўноўваюць са славутым салжаніцынскім апавяданнем «Адзін дзень Івана Дзянісавіча».

Кніга «Адзін дзень палітвязня» – 15‑я ў серыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе». Цяжка ацэньваць поспех кніг, калі іх нельга купіць у звычайнай краме. Выдавецкі праект нон‑профітнай арганізацыі, якой ёсць Радыё Свабода‑Свабодная Еўропа, не можа быць камерцыйным па вызначэнні. Але ўскосна пра поспех сведчыць увага да выхаду кнігі з боку незалежнай прэсы. Праўда, ж увага можа дыктавацца як зместам кнігі, так і кан’юнктурай часу, што, безумоўна, таксама істотна.

Думаецца, незалежна ад кан’юнктуры, кнізе «Адзін дзень палітвязня», наканавана застацца надоўга.

Сярод герояў дакументальнага зборніка Ганны Соўсь – вядомыя апазіцыянеры «са стажам» Юры Хадыка, Вячаслаў Сіўчык, Віктар Івашкевіч, Мікола Статкевіч, былыя міністры Васіль Лявонаў і Міхаіл Марыніч, экс‑прэм’ер Міхаіл Чыгір, экс‑кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета, прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Клімаў і Уладзімір Кудзінаў, а таксама вядомыя журналісты, праваабаронцы і нават адзін старшыня калгаса, Герой сацыялістычнай працы…

Адкрывае спіс палітвязняў паэт Славамір Адамовіч, які ў лістападзе 1996‑га быў арыштаваны за верш «Убить президента». Дзесяць месяцаў ён правёў у турме КДБ, некалькі тыдняў трымаў там сухую галадоўку.

Вадзіму Лабковічу было ўсяго 16, калі за палітычнае графіці ён быў асуджаны як злосны хуліган разам з Аляксеем Шыдлоўскім (старэйшым на тры гады) і правёў у зняволенні амаль шэсць месяцаў жыцця. У гутарцы з журналістам Лабковіч успамінае, што ў Жодзінскай турме яго «…ўразіла, колькі хлопцаў патрапіла за краты за драбязу. Адны ўзялі калгасны трактар, праехаліся за вёску і паставілі на месца. Нехта ўбачыў і даклаў. Усё, крадзеж трактара. Некалькі гадоў свеціць. На другога дзядзьку сусед напісаў, што той скраў ягоную бензапілу. Пілу не знайшлі, адзядьку ўжо арыштавалі».

Вам гэта нічога не нагадвае? Перачытайце «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжаніцына і ўспомніце, колькі людзей сядзела ў сталінскіх лагерах таксама за драбязу – за каласкі, за анекдот, за тое, што хлопчык, сікаючы, дзеля забавы вывеў на снезе слова Сталін (таксама свайго роду палітычнае графіці).

«Адзін дзень палітзняволенага» не выпадкова параўноўваюць са славутым салжаніцынскім апавяданнем «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Паралелі тут відавочныя.

Між тым, іншы вядомы пісьменнік – Варлам Шаламаў, які таксама быў вязнем Гулага, крытыкаваў гэтае апавяданне, надрукаванае на пачатку 1960‑х гадоў. Што за фантастычны лагер апісвае Салжаніцын? – здзіўляўся Шаламаў. (Цытую па памяці). У яго там каля барака гуляе кот. Ды ў сапраўдным лагеры галодныя зэкі даўно б з’елі яго разам з вантробамі!

Аднак, Іван Дзянісавіч, у абліччы якога лёгка ўгадваецца сам аўтар – герой літаратурнага твору, прыдуманы мастацкі вобраз.

Кніга Ганны Соўсь – цалкам дакументальная. Большасць з сарака аднаго героя кнігі, на шчасце, жывыя. Але сведчанні іх, сабраныя разам, для нас ужо цяпер неацэнныя. І не той факт нас уражвае, што героі кнігі агулам адседзелі больш за 53 гады. (Такая лічба прагучала падчас прэзентацыі кнігі ў Мінску). Гэта для справаздачы з разраду «сярэдняй тэмпературы ў шпіталі». Нас уражваюць факты біяграфіі кожнага палітвязня. Выяўляецца, што такіх людзей не так і мала ў Беларусі. І не ўсе з іх патрапілі ў кнігу.

Вось яшчэ адно сведчанне з яе. Іван Крук, 44‑га году нараджэння, скончыў школу міліцыі, трыццаць гадоў працаваў у пракуратуры. Цяпер на пенсіі, займаецца праваабаррончай дзейнасцю. Падчас мінулай прэзідэнцкай кампаніі збіраў подпісы за Мілінкевіча і Казуліна. Летам 2006 году быў асуджаны за «супраціў міліцыі» – падчас ператрусу ў яго доме зламаў уласны камп’ютар. Амаль паўгоду адбываў пакаранне ў калоніі строгага рэжыму.

У гутарцы з журналістам Іван Крук успамінае: «Калі па мяне прыехалі дахаты супрацоўнікі міліцыі, я папрасіў іх, каб яны мяне не забіралі. Я даў слова афіцэра, што раніцай роўна а 9‑й гадзіне буду ў міліцыі. Яны патэлефанавалі начальству і пакінулі мяне дома. Потым, калі я праходзіў усе турэмныя этапы, то на кожным з іх сустракаў розных людзей, таксама й добрых. І зразумеў, што чалавекам можна заставацца паўсюль і дзеля гэтага шмат не трэба».

Часам, калі слухаеш зводку навінаў і чуеш – яшчэ адзін «стаў вязнем сумлення», яшчэ аднаго кінулі за краты або выправілі на «хімію», узнікае пачуццё безнадзейнасці. Калі чытаеш біяграфіі вязняў, чытаеш іх выказванні, узнікаюць зусім іншыя пачуцці...

Той самы Шаламаў некалі пісаў у «Калымскіх апавяданнях»: «У лагерным досведзе негатыўнае ўсё, да апошняй хвіліны. Чалавек робіцца толькі горшым. І інакш быць не можа. У лагеры шмат таго, пра што чалавек не павінен ведаць. Але ўбачыць дно жыцця – гэта не самае страшнае. Самае страшнае, калі гэтае дно становіцца сутнасцю чалавека, калі мера яго маральнасці пазычаная ў крымінальнікаў».

Вядома, умовы ў сённешняй Беларусі ніяк не параўнаеш з Калымой сталінскіх часоў. Ды нават і з Савецкім Саюзам брэжнеўскай эпохі, калі дысідэнты паміралі ў лагерах ці на этапе, калі няўгодных паэтаў гэбісты пад выглядам крымінальнікаў (гэта без розніцы) забівалі ў падваротнях, няма нічога блізкага. Матэрыяльны дабрабыт, пра які марыла не адно пакаленне савецкіх людзей, сёння ўвайшоў амаль у кожны дом. І пра камунізм, як і пра «будоўлі камунізму», на якіх загінулі мільёны зняволеных, ніхто ўжо не ўспамінае.

Але сутнасць сістэмы, «пазычанай ў крымінальнікаў», якая ўвесь час маральна выпрабоўвае чалавека на злом – будзеш служыць нам, закладаць сваіх, альбо мала табе і тваім сваякам не падасца – ніколькі не змянілася. І плацяць за здраду усё тыя ж трыццаць срэбранікаў, у пераліку на сённяшні курс валюты.

І усё‑ткі, пакуль ёсць людзі, якія сталі героямі зборніка «Адзін дзень палітвязня», застаецца надзея. Хацелася б верыць, што праз наступныя пятнаццаць гадоў перавыданне кнігі не спатрэбцца.

В. Травень

0
RFE/RL / Адказаць
02.06.2009 / 14:29
"Сярод герояў дакументальнага зборніка Ганны Соўсь..." Ганна Соўсь -- укладальніца і су-аўтар. Кнігу склалі работы шэрагу журналістаў Радыё Свабода
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру