Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн праз некалькі гадзін пасля інаўгурацыі падпісаў шэраг дакументаў, якія касуюць некалькі ўказаў свайго папярэдніка Дональда Трампа, паведамляе Reuters.

Пра тое, што абраны прэзідэнт плануе адмяніць падпісаныя Трампам заканадаўчыя акты, амерыканскія СМІ паведамлялі яшчэ ў лістападзе мінулага года.

Змены, якія Джо Байдэн унёс сваімі першымі ўказамі на пасадзе прэзідэнта:

  • Вяртанне ЗША ў Парыжскае пагадненне па клімаце 2015 года. Яно мае на ўвазе скарачэнне вугляродных выкідаў у навакольнае асяроддзе. Дакумент аб далучэнні да дамовы перададуць у ААН, ён уступіць у сілу праз 30 дзён.
  • Адмена выхаду ЗША з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Вашынгтон апавясціў Арганізацыю аб пачатку працэдуры выхаду летам 2020 года. Трамп неаднаразова крытыкаваў СААЗ за памылкі, дапушчаныя ў пачатку пандэміі COVID-19.
  • Адмена забароны на ўезд у краіну грамадзян з шэрагу мусульманскіх і афрыканскіх краін.
  • Спыненне будаўніцтва сцяны на мяжы з Мексікай.
  • Адкліканне дазволу на будаўніцтва часткі трубаправода Keystone XL, які ідзе з Канады ў ЗША. Супраць будаўніцтва актыўна пратэставалі эколагі і актывісты. Будаўніцтва было прыпыненае пры прэзідэнце Бараку Абаму, аднак у 2017 годзе Трамп даў дазвол на яго працяг.

Акрамя гэтага, Байдэн падпісаў указ аб абавязковым нашэнні масак і выкананні сацыяльнай дыстанцыі на ўсіх федэральных аб'ектах.

Ён паведаміў журналістам, што мае намер пачаць сваё прэзідэнцтва з таго, каб спраўдзіць абяцанні, дадзеныя ім амерыканскаму народу.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш вітаў рашэнне новага прэзідэнта аб вяртанні ЗША ў Парыжскае пагадненне па клімаце. Аднак ён заявіў, што кліматычны крызіс працягвае пагаршацца і часу для таго, каб пераадолець яго наступствы, застаецца ўсё менш.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?