Фота Дзмітрыя Брушко

— Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце і працягнем у далейшым супрацоўніцтва з кампаніяй «Яра» ў пытаннях бяспекі ўмоў працы, паляпшэння здароўя і павышэння сацыяльнага ўзроўню нашых работнікаў, — гаворыцца ў прэс-рэлізе «Беларуськалію». — Кіраўніцтвам прадпрыемства прынятая пастанова аб зняцці дысцыплінарных спагнанняў з работнікаў прадпрыемства (прэс-рэліз ад 17 снежня 2020 года), а звольненыя раней работнікі могуць быць прынятыя назад на працу ў ААТ «Беларуськалій» у выпадку падачы імі адпаведных заяў.

Таксама адміністрацыя «Беларуськалію» абмеркавала разам з прафсаюзнымі арганізацыямі прадпрыемства павышэнне эфектыўнасці работы грамадскага кантролю за бяспекай вытворчасці. У найбліжэйшы час наймальнік і прафсаюзы ўнясуць адпаведныя прапановы па ўдасканаленні «палажэння па рабоце грамадскіх інспектараў».

Як развівалася сітуацыя з «Беларуськаліем» і Yara

Нарвежская кампанія Yara — найбуйнейшы сусветны вытворца ўгнаенняў і адзін з асноўных гандлёвых партнёраў «Беларуськалію». Беларуская калійная кампанія традыцыйна працуе з ёй па пяцігадовых кантрактах. Да прыкладу, па дамове 2011-2015 гадоў БКК пастаўляла кампаніі Yara больш за 1 мільён тон калійных угнаенняў штогод.

У верасні прадстаўнікі Yara першы раз прыехалі ў Мінск на перамовы з прадстаўнікамі Беларускай калійнай кампаніі і прафсаюзаў. Напярэдадні гэтага візіту Yara размясціла на сваім сайце паведамленне, у якім выказала занепакоенасць сітуацыяй у Беларусі і лёсам звольненых шахцёраў, якія адбываюць пакаранне.

У снежні «Беларуськалій» наведалі гендырэктар Yara Свейн Торэ Холзетэр і яшчэ некалькі прадстаўнікоў менеджменту кампаніі. Размова на закрытай сустрэчы з кіраўніцтвам «Беларуськалію» ішла пра ўмовы, якія трэба выканаць, каб адпавядаць кодэксу паводзін для дзелавых партнёраў Yara. Напярэдадні візіту Свейна Торэ Холзетэра на сайце Yara быў апублікаваны ягоны зварот з нагоды сітуацыі ў Беларусі.

— Нягледзячы на нашы пастаянныя намаганні па дасягненні перамен праз дыялог, мы не ўбачылі значных паляпшэнняў у становішчы работнікаў «Беларуськалію». Мы асабліва занепакоеныя шматлікімі паведамленнямі аб звальненні рабочых, якія мірна выказвалі свае дэмакратычныя правы. < … > Мы павінны бачыць істотнае паляпшэнне ўмоў і адносін з персаналам «Беларуськалію», спыненне рэпрэсій, а таксама паляпшэнне ўмоў бяспекі працы, — гаварылася ў звароце.

Падчас снежаньскага візіту на «Беларуськалій прадстаўнікі Yara таксама ўзнялі пытанні аховы працы, тэхнікі бяспекі і няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам на прадпрыемстве. У 2020 годзе на «Беларуськаліі» было некалькі падобных выпадкаў. У сакавіку машына, у якой рабочыя ехалі на аб'ект, урэзалася ў сцяну. Кіроўца загінуў, шэсць чалавек у цяжкім стане даставілі ў бальніцу. Як распавяла Tut.by крыніца на «Беларуськаліі», прычынай аварыі магла стаць няспраўнасць машыны, скаргі на гэтую тэхніку паступалі даўно. У чэрвені быў смяротна траўміраваны 21-гадовы рабочы. У канцы кастрычніка работнік «Беларуськалію» пацярпеў і трапіў у шпіталь з траўмамі, у пачатку лістапада загінуў яшчэ адзін работнік.

Беларусы таксама актыўна пакідаюць каментары ў сацсетках кампаніі Yara і просяць яе не заключаць новы кантракт з «Беларуськаліем».