Архіўныя справаздачы ЦСУ БССР у вышэйшыя дзяржаўныя органы дазваляюць аднавіць тагачасныя праблемы савецкага кіраўніцтва. Іншымі словамі – тое, што дэмаграфічная і медыцынская статыстыка была засакрэчана, яшчэ не азначала, што сабраныя звесткі цалкам ігнараваліся уладай. Больш за тое, архіўныя дакументы сведчаць, што тагачасныя аналітыкі спрабавалі выкрыць найбольш балючыя месцы і падштурхнуць улады да адпаведных захадаў. Піша Сяргей Кандрычын.

Сапраўднай дэмаграфічнай і сацыяльнай катастрофай стаў рост смяротных выпадкаў ад так званых гвалтоўных ці вонкавых прычынаў (у справаздачах 1960‑х гадоў яны значыліся пад рубрыкай – прычыны смерці, якія не маюць сувязі з захворваннем). Гэтая група аб’ядновае ўсе выпадкі заўчаснай смерці, якія адбыліся ненатуральным спосабам: смяротныя траўмы і здарэнні, самагубствы, атручванні і г.д. Праблема з ростам гэтых паказчыкаў пачала ўсплываць у сярэдзіне 1960‑х. Пра гэта сведчаць не толькі лічбы смяротных выпадкаў па рэспубліцы (якія ў параўнанні з сучаснымі выглядаюць проста «несур’ёзна»), але і сам факт рэгулярнасці спецыяльных дакладаў і аналітычных справаздачаў ЦСУ БССР у вышэйшыя партыйныя і дзяржаўныя органы краіны. Пра ніякую іншую групу прычынаў смерці ці захворванняў у 1960‑я гады ў Беларусі не было падобнай колькасці спецыяльных справаздачаў.

Сярод усіх паказчыкаў гэтай групы найбольш вызначаліся сваім ростам паказчыкі самагубстваў і смяротных выпадкаў на вытворчасці: у 1969 г. у параўнанні з 1960 абодва паказчыкi выраслі больш чым у паўтара разу.
Калі рост выпадкаў на вытворчасці можна было растлумачыць пашырэннем яе аб’ёму, тэмпаў развіцця, пашырэннем выкарыстання тэхнiчных сродкаў, стварэннем новых галінаў, на якіх пакуль былі не наладжаныя адпаведныя меры бяспекі, то з вытлумачэннем росту самагубстваў з’явіліся відавочныя цяжкасці.

У аналізе гэтай сацыяльнай паталогіі нельга была абмінуць самыя простыя аналітычныя захады. Так, у 1966 г. у ЦСУ СССР з Беларусі быў накіраваны спецыяльны запыт аб колькасці самагубстваў і забойстваў у іншых савецкіх рэспубліках (факт такога афіцыйнага пісьма пацвярджае надзейнасць рэжыму сакрэтнасці). Высветлілася, што Беларусь мела найменшыя паказчыкі сярод найбліжэйшых суседзяў. А калі стала вядома, што ў Расіі сітуацыя нашмат горшая, то прычын да непакою ў мясцовых уладаў ужо не было.

У 1965 годзе паказчыкі самагубстваў (на 100.000 нас.) у РСФСР, УССР і БССР адпаведна былі 21.3, 15.0, і 13,4, а забойстваў – адпаведна 5.8, 3.0 і 3.2. Праз 40 год, у 2005 годзе, гэтыя ж паказчыкі па трох краінах былі наступныя: па самагубствах – 32.2; 22.5; і 30.8, а па забойствах – 24.9; 9,6 і 8.8.

Тактыка замоўчвання мела свой вынік, але толькі да пары. Хаця нават у рэтраспектыве цяжка параіць тагачаснай уладзе што‑небудзь больш эфектыўнае (можа толькi пабіць сябе па патыліцы), бо прычыны гэтай праблемы фарміраваліся на працягу ранейшай гісторыі, нават не толькі яе савецкага перыяду.

Сапраўднай заслугай аналітыкаў 1960‑х з’яўляецца тое, што адказ аб прычынах вышэй згаданай негатыўнай з’явы фактычна быў сфармуляваны. Так, ва ўжо прыгаданых нататках ЦСУ за 1969 год быў названы галоўны кампанент праблемы, а менавіта тое, што «павелічэнне колькасці самагубстваў (як і іншых праяваў сацыяльнай паталогіі) у некаторай ступені абумоўлена павышэннем захворваемасці насельніцтва на розныя псіхічныя хваробы, як шызафрэнія, алкагольны псіхоз, наркаманія і іншыя». Далей вызначаецца, што з 1965 па 1969 гады колькасць зарэгістраваных хворых на шызафрэнію павялічылася на 219%, а хворых на алкагалізм і алкагольны псіхоз – на 163% (адносны рост паказчыкаў быў прыблізна такі самы), пачалі нарастаць дагэтуль нязначныя паказчыкі атручвання алкаголем.

Іншымі словамі,

у савецкiя часы штосьці сур’ёзна надламалася ў душы народу
. Тут нават можна пакінуць у баку крытыку верагоднасці вызначаных паказчыкаў, бо незалежна ад таго, у якой ступені дакладныя прыгаданыя паказчыкі 60‑х гадоў, змест праблемы яны высвятляюць ясна. Вельмi iстотна тое, што ўжо тады праявы дэмаграфічнай і сацыяльнай паталогіі было прапанавана разглядаць у адзіным комплексе з механізмамі псіхічнай і духоўнай дысфункцыi i, адпаведна, небывалы рост ўсiх гэтых паказчыкаў выступаў у якасцi праяваў скалечанай душы народа.

Негатыўныя дэмаграфічныя тэндэнцыі ў 60‑х гадах зрабіліся відавочнымі на значнай частцы тэрыторыі былога СССР. На думку даследчыкаў, сацыяльныя і эканамічныя ўзрушэннi 1990‑х гг. не з’яўляліся першаснай прычынай дэмаграфічнага крызісу, яны толькі паскорылі адмоўныя дэмаграфічныя працэсы, якія былі вынікам глыбінных сацыяльных дэфармацый савецкага перыяду.

Камуністычнае рэфармаванне ўкладу жыцця мела шматкампанентны ўплыў на дэмаграфічныя працэсы. Гэтая палітыка выклікала паскораны зрух дэмаграфічнай структуры, або дэмаграфічны пераход, які праявіўся у змяненнi асноўных дэмаграфічных паказчыкаў: нараджальнасці, смяротнасці, міграцыі. Разам з тым, дэмаграфічны «зрух» стаў паталагічным і, па сутнасці, ён выключыў магчымасць дзеяння ўнутраных кампенсатарных механізмаў сацыяльнай сістэмы, што праявілася адмоўным натуральным прыростам насельніцтва. У асобных рэгіёнах Беларусі прырост сельскага насельніцтва быў адмоўны ўжо ў сярэдзіне 1970‑х гг., а ў канцы 1980‑х гэты паказчык стаў адмоўны для ўсіх сельскiх рэгіёнаў краіны. Узрушэннi ўсіх кампанентаў грамадства ў 90‑х гадах у сваю чаргу праявіліся працэсам паскоранай дэпапуляцыі, які ў Беларусі пачаўся ў 1994 годзе, а крыху раней ён праявіўся ў Расіі і ва Украіне, адпаведна ў 1992 і 1993 годзе.

Ніжэй прадстаўлена табліца, якая, на думку аўтара, найлепш адлюстроўвае сутнасць дэмаграфiчнай праблемы i з’яву звышсмяротнасці (альбо вызначае яе вядучы кампанент). На прыкладзе ўзроставых паказчыкаў смяротнасці ад гвалтоўных прычынаў мужчын, якія жылі ў сельскай мясцовасці, можна назіраць, як цягам дзясяцігоддзяў паступова ўзрастала лічба стратаў, «невытлумачальных» для умоваў мірнага часу (Табліца 1).

Табліца 1. Узроставыя паказчыкі смяротнасці ад гвалтоўных прычынаў для мужчын (узрост 20–59 год), якія жылі ў сельскай мясцовасці, 1965–2001

узрост 1965 1970 1985 2001

20‑24 48,5* 87,6 242,8 432,5

25‑29 61,1 102,6 261,4 431,2

30‑34 67,6 90,6 331,3 481,8

35‑39 77,6 74,6 349,9 561,2

40‑44 74,5 105,4 376,4 606,3

45‑49 64,9 100,5 342,0 662,1

50‑54 59,7 116,9 284,1 741,9

55‑59 68,5 90,5 245,2 663,4

* каэфіцыент смяротнасці на 100.000 мужчын адпаведных гадоў ад няшчасных выпадкаў, атручванняў і траўмаў

Падсумоўваючы, можна казаць практычна пра дзясяціразовае павелічэнне паказчыка смяротнасці ад гвалтоўных прычынаў за сорак гадоў (1960–2000) мужчын працаздольнага ўзросту, якія жылі ў сельскай мясцовасці. З улікам дадзеных аб росце смяротнасці ад іншых прычынаў больш верагодна выглядаюць высновы аб дамінуючай ролі сацыякультурных чыннікаў і духоўнага стану грамадства ў фарміраванні звышнармальнага каэфіцыенту смяротнасці. У гэтым аспекце паняцце «духоўны Чарнобыль» альбо катастрофа, непараўнальная па сваіх згубных наступствах з катастрофай экалагічнай, набывае бачнае фізічнае ўвасабленне.

* * *

Сяргей Кандрычын - кандыдат сацыялагiчных навук, лекар. Гэты тэкст напiсаны дзякуючы сяброўскай дапамозе Васiля Бязмена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?