Фота Надзеі Бужан

Іх абвінавачваюць у тым, што яны распісалі балончыкамі шчыты спецсродкаў загароды на акцыі пратэсту шостага верасня (ч. 2 арт. 339 КК РБ), а таксама ўдзельнічалі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Акрамя таго, Сафіі Малашэвіч выставілі абвінавачанне ў публічнай абразе прэзідэнта (арт. 368 КК РБ).

Працэс вядзе суддзя суда Кастрычніцкага раёна Вольга Няборская. Дзяржабвінаваўца — Рудніцкая. На першым пасяджэнні суд апытаў Сафію і Ціхана.

На пасяджэнні 21 студзеня былі заслуханыя матэрыялы справы. У тым ліку, прагледжаныя відэа з тэлеграм-каналаў і тэлефона Сафіі. Сярод апошніх — відэа з удзелаў у маршах, а таксама асабістыя здымкі дзяўчыны: яна неаднаразова падкрэслівала, што гэта не датычыцца справы.

Сведка, супрацоўнік ваеннай часткі 3214, які ў той дзень бачыў Сафію, сказаў, што дзяўчыну было цяжка не заўважыць: яна была агрэсіўная, пагражала, танцавала, пакідала надпісы.

«Сафія танцавала, таму што лічыла, што шмат людзей і яна пазбегне пакарання», — упэўнены сведка.

Таксама супрацоўнік расказаў, што з дзяўчынай быў малады чалавек. Сведка мяркуе, што ён таксама хацеў пісаць, яны абмяркоўвалі гэта з Сафіяй, але хтосьці мусіў здымаць на відэа. Але размову ён не чуў. Спачатку затрымалі хлопца (гэтага сведка не бачыў), дзяўчына падышла да яго падначаленага сама: у руках у яе быў балончык з фарбай. Яна прасіла, каб хлопца адпусцілі, а затрымалі яе. 

Таксама 21 студзеня суддзя вырашыў закончыць разглядаць справу без сведкаў абвінавачання — супрацоўнікаў міліцыі і АМАП, хаця адвакаты патрабавалі іх выклікаць.

Абвінавачанне адмовілася ад абвінавачання Ціхана Клюкача па ч. 2 арт. 339. Пракурор запатрабаваў для хлопца адзін год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму (па ч. 1 арт. 342). 

Абвінавачанне таксама перакваліфікавала ч. 2 арт. 339, згодна з якой абвінавачваюць Сафію Малашэвіч, на ч. 1 арт. 339. Такім чынам, шляхам складання пакаранняў па трох артыкулах (ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 342, ч. 1 арт. 339) для яе пракурор запрасіў два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Ціхан Клюкач у апошнім слове раскаяўся ў тым, што здзейсніў, і папрасіў прабачэння ў маці і бабулі, бо «прынёс ім шмат гора».

Фота Надзеі Бужан

У сваім апошнім слове палітзняволеная Сафія Малашэвіч папрасіла не караць Ціхана.

«Складана казаць, калі ў вачах слёзы, але я ўсё ж скажу. Я хацела б папрасіць суд не караць як мінімум Ціхана: яму проста спадабалася прыгожая дзяўчынка, і ён захацеў праводзіць мяне на мітынг.

Ён дзесяць тысяч разоў — я вам клянуся — адгаворваў мяне сысці назад ад плота. Я думаю, двух месяцаў у СІЗА дастаткова, каб зразумець, што нікуды хадзіць не трэба і да платоў падыходзіць таксама не трэба. Я таксама адседзела два месяцы ў СІЗА і за гэты час зразумела, што турма людзей ніяк не зменіць: яна зробіць толькі горш.

Са мной сядзелі людзі, якія ўжо былі ў турме, і я глядзела не на тое, якімі яны туды прыйшлі, а на тое, якімі яны адтуль сыходзілі — і гэта былі не самыя лепшыя людзі, якіх я ведала. Таму што да гэтага яны былі нашмат лепш. Таму калі вы дасцё чалавеку [Ціхану], які адзін раз памыліўся — пайшоў на мітынг з дзяўчынкай, — год пазбаўлення волі, наўрад ці ён стане лепш.

Я прызнаю свой актыўны ўдзел у мітынгу. Але я не пагаджуся з тым, што мае на ўвазе гэтая віна, — пакараннем. Зразумела, вы галоўныя, вы прызначаеце, што я заслужыла. Я павінна адказваць за свае ўчынкі.

Але я вам клянуся, што ён [Ціхан] не заслугоўвае такога пакарання. Вы суд, вы павінны быць справядлівымі. Але ён нават не дакранаўся пальцам да плота і балончыка! Ён больш не будзе хадзіць на мітынгі — так, Ціхан?

Мне, вядома ж, не хацелася б пазбаўлення волі: не буду сябе абараняць і выгароджваць, але калі вы дасцё мне тэрмін, я магу ўжо не ўбачыць бабулю. Можна нават даць «хімію» з прызначэннем, але больш [тэрмін], чым пазбаўленне волі. Каб было справядліва, але каб я ўбачыла бабулю».

Вырак будзе агучаны 22 студзеня ў 14:30.

«Мяне абурае сацыяльная несправядлівасць». Пачаўся суд па справе 18-гадовай Сафіі, якая распісала «Рубяжы»

18-гадовы палітвязень узяў віну на сябе, але і яго сяброўку не вызвалілі. Зірніце, як ён малюе

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?