Мужчына быў у знаёмай і яе сябра ў гасцях. Збіраючыся дадому, у адным з пакояў пабачыў тэлефон гаспадыні і, пакуль ніхто не бачыў, вырашыў скрасці і здаць у ламбард. А каб у прыёмшчыка не ўзнікла падазрэнняў, што гаджэт крадзены, ён прыхапіў яшчэ і зарадную прыладу, паведамляюць Мінск-навіны.

Затым здаў у ламбард за 30 рублёў, а грошы патраціў на алкаголь, закуску і цыгарэты.

Жанчына праз некалькі дзён звярнулася ў міліцыю. Але тэлефон праз некаторы час уладальніцы проста дадому прынёс незнаёмы. Ён быў у спраўным стане — у ім толькі адсутнічалі сім-карта і ахоўнае шкло.

Аказалася, што выкрадальнік быў сумленным чалавекам: дзесьці падхалтурыў і выкупіў тэлефон сваёй знаёмай. Але вяртаць самому яму было сорамна, таму папрасіў зрабіць гэта выпадковага знаёмага.