Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі 25 траўня падпісаў загад «Аб правядзенні агульнага сходу сяброў (актыву) Партыі».
Мэта сходу — умацаванне ўнутрыпартыйнай дэмакратыі і стварэнне больш спрыяльных умоваў для выканання раней прынятых партыйных рашэнняў.

Баршчэўскі загадаў 20 чэрвеня правесці ў Мінску агульны сход з абавязковай рэгістрацыяй з указаннем нумароў партыйных пасведчанняў. У якасці абавязковых будуць разгледжаныя наступныя пытанні:

1) Аб удзеле Партыі БНФ у наступнай прэзідэнцкай кампаніі і ўзаемадачыненнях з іншымі палітычнымі суб’ектамі; 2) Аб папярэднім вызначэнні кандыдата ад БНФ у наступныя прэзідэнцкія выбары.

У якасці факультатыўных пытанняў: 1) Удзел Партыі БНФ у Кангрэсе «За еўрапейскія каштоўнасці», што будзе праводзіць Мікола Статкевіч; 2) Прэзентацыя праграмаў будучых кандыдатаў на пасаду старшыні Партыі БНФ.

Месца для збору павінен знайсці намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

Сход пройдзе перад самым Кангрэсам еўрапейскіх сілаў. Вядома, што вярхоўка БНФ у выглядзе Баршчэўскага, Вячоркі і Івашкевіча падтрымалі ініцыятыву Статкевіча, але сутыкнуліся з непрыняццем гэтай ідэі партыйным актывам. На сходзе і павінна быць вырашана гэтая праблема.

Юрыст і адказны сакратар управы БНФ Уладзь Лабковіч лічыць, што загад Баршчэўскага парушыў шэраг палажэнняў Статуту Партыі, і заклікаў старшыню БНФ адмяніць сваё рашэнне.

Баршчэўскі ж мае намер гнуць сваю лінію надалей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?