Бабруйскія партызаны. Фота з тэлеграм-канала «Бабруйск Анлайн»

Бабруйскія партызаны. Фота з тэлеграм-канала «Бабруйск Анлайн»

Сярод іх аказаўся карэспандэнт «Бабруйскага кур’ера» Віктар Качан, ён адзін з нешматлікіх, каго выпусцілі ў той жа дзень. «Сёмая ранку, званок у дзверы, бачу, што чалавек у масцы, думаю, можа, сусед прыйшоў па цыгарэту. Адчыняю сонны дзверы, перад мной 4-5 амапаўцаў з ордэрам на вобшук», — кажа Віктар.

У кватэры сілавікі знаходзіліся прыкладна дзве гадзіны. Вобшук праводзілі вельмі старанна, зазіралі ва ўсе шафы, кухню. «У адной кішэні знайшлі травінку, пытаюцца: што гэта? Кажу, пырнік ірву, бо сабака яго любіць есці. Праўда, лішніх пытанняў потым не задавалі. Забралі сістэмнік, мабільнік мой і сяброўкі. Панятымі былі дзве суседкі, якіх я ведаю», — расказвае журналіст.

Віктар Качан. Фота з фэйсбука

Віктар Качан. Фота з фэйсбука

Пасля гэтага Віктара павезлі ў гарадскі аддзел міліцыі, спачатку мужчыны проста прачакаў тры гадзіны, пасля чаго павялі на размову з прадстаўнікамі крымінальнага вышуку.

«Мне далі зразумець, што ўсё пра мяне ведаюць, пра майго сабаку, пра размовы з суседзямі, пра мой мабільны. Я зразумеў, што праслухоўваюцца ўсе мае размовы. Пасля мне сказалі: расказвай усё і з чыстым сумленнем ідзі дадому. Але што расказваць? Мне не было чаго казаць. Калі я і быў на нейкіх несанкцыянаваных мерапрыемствах, то выключна ў якасці журналіста».

Віктар гаворыць, што пасля гэтага пачалася гадзінка палітінфармацыі, міліцыянеры расказвалі яму, як жорстка разганяюцца вулічныя акцыі ў Еўропе, як кепска жывецца ў краінах Балтыі, што рэвалюцыя ўжо канчаткова здзьмулася. Мужчына спачатку спрачаўся з суразмоўцамі, а потым вырашыў моўчкі даслухаць, бо пераканаць іх у чымсьці адваротным было немагчыма.

З міліцыі Качана завезлі ва ўпраўленне Следчага камітэта. Там ужо пытанні задаваліся выключна па справе, а менавіта адносна таго, што нехта выклаў у тэлеграм-канал «Карацелі Беларусі» асабістыя звесткі двух супрацоўнікаў бабруйскай міліцыі.

«Пыталіся, на якія каналы, у якіх месенджарах я падпісаны. Паказвалі нейкі нумар тэлефона, але дакладна не беларускі і не расійскі, пыталіся, ці ведаю я яго. Я не ведаў. Пасля гэтага, прыкладна а 15:30 мяне адпусцілі. У іх нічога не было на мяне», — кажа спадар Качан.

Праўда, ранкам 23 студзеня яго зноў выклікалі ў Следчы камітэт і ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Таксама вядома пра затрыманне Яўгена Габрэляна. Пра гэта «НН» расказаў ягоны бацька Меружан. «Ён прапісаны ў нас, хаця ў асноўным жыве разам з жонкай, а тут спіць хіба пасля начной змены. Прыехалі а 7 ранку, шукалі ўсё з «незарэгістраванай сімволікай», як самі сказалі. Знайшлі два буклеты, дзе было напісана «Дзень Волі», налепку з «Пагоняй» на аўтамабіль, а таксама Канстытуцыю 1994 года з «Пагоняй». Усё гэта забралі разам з тэхнікай», — кажа Меружан Габрэлян.

Яўген Габрэлян. Фота з фэйсбука

Яўген Габрэлян. Фота з фэйсбука

Бацьку праз адваката ўдалося даведацца, што сын знаходзіцца ў ІЧУ Бабруйска па адміністрацыйнай справе, што гэта за справа — невядома. «Я бачыў у іх дакументах гаваралася, што неабходная праверка наконт датычнасці ў размяшчэнні персанальных звестак на двух супрацоўнікаў міліцыі. У аднаго дакладна прозвішча Сакун, а ў другога таксама на «С», магчыма Сакалоў».

Яўген Габрэлян працуе рэзчыкам на адным з бабруйскіх прадпрыемстваў, пастаянны наведвальнік усемагчымых культурных мерапрыемстваў, якія праходзяць у горадзе.

Тэлеграм-канал «Бабруйск Online» інфармуе пра затрыманне пары маладых медыкаў Дзмітрыя і Юліі Яскевічаў. Дзмітрый — доктар-рэаніматолаг, у суботу павінен быў выходзіць на змену. Існуе версія, што мужчына праходзіць па крымінальнай справе, а ягоная жонка — па адміністрацыйнай, але гэта не дакладна. Адвакатаў да іх не пускаюць.

Дзмітрый і Юлія Яскевічы. Фота тэлеграм-канала «Бабруйск Анлайн»

Дзмітрый і Юлія Яскевічы. Фота тэлеграм-канала «Бабруйск Анлайн»

Сярод іншых затрыманых наступныя імёны: Дзмітрый Косцін, Кацярына Барадаева, Сяргей Бяляеў, Іван Манько, Лізавета Літвінава, Дзмітрый Шашко, Ірына Сурыгіна, Ігар Краўчанка, Андрэй Сініца, Алена Стрыгунова. Пакуль вельмі мала інфармацыі і незразумела, ці яны ідуць па адміністрацыйных справах, ці чакаецца крымінальная.

Магчыма, публікацыя персанальных звестак на міліцыянераў — гэта проста нагода для таго, каб разабрацца з дваровай актыўнасцю ў вялікім горадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?