Вікторыя Гранкоўская

«З дзяцінства збіралі грыбы і ягады, каб дапамагчы бабулі»

Віка нарадзілася ў невялічкай вёсцы Касцюкі, што ў Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці. Сваіх бацькоў яна амаль не памятае: іх не стала, калі дзяўчыне было два гады. Нейкія ўспаміны пра іх захаваў старэйшы на тры гады брат Яўген, але ён лічыць за лепшае не згадваць тыя падзеі.

«Нас гадавала бабуля, яна замяніла і маці, і тату. Адразу ж, калі бацькоў не стала, забрала да сябе ў гарадскі пасёлак Наваельня непадалёк. Бабуля працавала медсястрой, жылі мы не тое, каб багата, але ні на што не скардзіліся. З малых гадоў хадзілі ў грыбы і ягады ў лес, прадавалі іх. І ўжо з гэтых грошай маглі сабе нешта купляць. Я, памятаю, з часам нават матацыкл змог сабе набыць. Віка ж усе свабодныя грошы і раней, і цяпер выдаткоўвала на бяздомных жывёл. Памятаю, знайшла сляпых кацянят, прынесла дадому. Аднак бабуля была супраць жыўнасці ў хаце — адразу пазбавілася катоў. Прыйшлося Віцы падкормліваць іх на вуліцы», — згадвае Яўген.

Віка з бабуляй. З ёй разам яны пайшлі галасаваць 9 жніўня 2020 года. З белымі бранзалетамі на руках

Выхоўвалі Гранкоўскіх досыць строга. Адрывацца на вуліцы дапазна дазвалялася толькі на канікулах. Кожную суботу — генеральная прыборка дома. І самае галоўнае правіла — трымацца адно аднаго, дапамагаць блізкаму.

«Мы з Вікай і сёння працягваем жыць па гэтых правілах, — пасміхаецца Яўген. — Без прыборкі ў суботу дакладна нікуды». 

Брат і сястра заўсёды былі разам. Аж да паступлення Вікі ў Гродзенскі каледж мастацтваў, пасля якога яна праходзіла размеркаванне ў Дзятлаўскай школе мастацтваў.

«Сярод іншага, Віка там працавала з дзецьмі з інваліднасцю. Яна вельмі любіла сваіх вучняў. І разам яны прызавыя месцы на мастацкіх конкурсах займалі. Нават на выставу ў Польшчу трапілі», — кажа суразмоўца.

Вікторыя з вучнямі

«Калі б яна перастала актыўнічаць пасля сутак, яе б, можа, і не адлічылі»

Уменне камунікаваць з малымі дзецьмі спатрэбілася Віцы і ў Мінску: яна паступіла ў БНТУ на архітэктурны факультэт. Увесь вольны час пасля пар старалася падзарабіць: уладкавалася нянькай, у тым ліку ў сем’і дзетак з інваліднасцю. Нейкі час працавала на атракцыёнах у парку. Распрацоўвала таксама візітоўкі і лагатыпы для розных кампаній.

«Пры ўсім пры гэтым яна была старастай ва ўніверы, выдатніцай. Удзельнічала ў навуковай працы і ўцягвалася ў любыя праекты па-за навучальнай праграмай», — дадае аднагрупніца Вікі Таццяна. Яна дапамагае Яўгену з перадачамі.

Нягледзячы на паспяховасць студэнткі, яе вельмі хутка адлічылі: падставай для гэтага стаў усё той жа актывізм Вікі і нежаданне мірыцца з несправядлівасцю. Напярэдадні адлічэння яна адсядзела 7 сутак на Акрэсціна і ў Жодзіне.

«Яшчэ калі толькі пачалася пандэмія, Віка сама прыносіла студэнтам маскі і звярталася да дэканата з просьбай увесці дыстанцыйнае навучанне. А пасля выбараў яна разам з аднадумцамі склала петыцыю, у якой прасіла не прымяняць санкцыі да студэнтаў, што ўдзельнічаюць у мірных акцыях. Таксама яна прасіла кіраўніцтва БНТУ выказацца з асуджэннем гвалту з боку сілавікоў. Але калі яна 1 верасня збірала подпісы пад петыцыяй, яе затрымалі і асудзілі на 7 сутак па 23.34», — расказваюць аднакурснікі.

Студэнцкі капуснік. Вікторыя ў цэнтры

У пратаколе Вікі было напісана стандартнае: выкрыквала «Жыве Беларусь!», стаяла з пратэснымі плакатамі, хаця ў руках яна трымала толькі тую самую петыцыю.

«Віка была гатовая да таго, што яе могуць затрымаць, яна і мяне папярэджвала, і бабулю. Таму гэта не стала сюрпрызам», — кажа брат. «Я нават спрабаваў яе спыніць, на што яна пярэчыла: «Я ж нічога дрэннага не раблю». Ну так, яна ў нас усё жыццё такая смелая, актывістка. За справядлівасць. Нібыта Жанна д’Арк.

Але ведаеце, калі я сядзеў на судзе, мне да апошняга падавалася, нібыта суддзя ўсё разумее і Віку выпусцяць. Там жа і хадайніцтвы былі з універсітэта, і відэа прыкладзенае, на якім бачна, што яна стаяла без плакатаў і лозунгаў. Але бах — і 7 сутак».

Пасля суда брат Вікі адмыслова тэлефанаваў у дэканат і пытаўся, што будзе сястры за адміністрацыйны арышт. Там паабяцалі: максімум — вымова. Але неўзабаве пасля вызвалення дзяўчыну ўсё ж адлічылі.

«З моманту вяртання ва ўнівер за Вікай сталі пільна сачыць, кантраляваць любы яе крок. Можа, каб яна перастала актыўнічаць, нічога б не было (усё ж 23.34 шмат у якіх студэнтаў маецца). Але яна працягвала супраціў, зноў пайшла на размову з рэктарам», — згадвае Таццяна.

«Бабуля паабяцала даць унучцы пры сустрэчы рамяня» 

Пасля адлічэння Віку ўзялі на выпрабавальны тэрмін у архітэктурнае бюро. Яна паспела адпрацаваць там літаральна некалькі дзён, была ў поўным захапленні ад умоў і сваіх абавязкаў, але яе затрымалі — наўпрост пасля працоўнага дня, калі яна разам з калегай накіроўвалася дадому. Напярэдадні дзяўчына паспела падаць дакументы ў чэшскі ўніверсітэт, запісацца на курсы праграмавання, але ўсё гэта разам з яе трэніроўкамі ў трэнажорнай зале цяпер адклалася на невядомы тэрмін.

«Ніхто не чакаў, што яе схопяць у межах крыміналкі. Я, канечне, як старэйшы брат вельмі перажываю. Я адразу казаў Віцы: не лезь нікуды. А цяпер яна за кратамі… У імя чаго?»

Сама Віка не лічыць, што пакутуе дарма. У лістах яна аніразу не намякнула, што ёй цяжка, што яна пра нешта шкадуе. Куды больш яна цікавіцца тым, што адбываецца на свабодзе, як жывуць яе родныя і блізкія. Расказвае, што чытала «Ганну Карэніну», просіць параіць ёй добрых аўтараў.

Падарунак для брата сваімі рукамі

«Яна толькі адзін раз праявіла «слабасць», напісала, што сумуе па доме. А так распавядае, што сукамерніцы добрыя: з ёй яшчэ тры дзяўчыны. У камеры цёпла і нават быў тэлевізар (цяпер яе перавялі ў новую камеру, і якія ўмовы там, мы пакуль не ведаем). А так яна на пазітыве, з гумарам. На Новы год мы перадалі ёй вясёлыя шкарпэткі з Дзедам Марозам, лядзяш у форме ёлкі. А яна смяялася напярэдадні, што ўпершыню на сто адсоткаў ведае, дзе будзе адзначаць 31 снежня, і гэта цудоўна», — расказваюць блізкія.

Лісты дзяўчыне даходзяць далёка не ўсе, ад яе ж — ідуць па два тыдні і даўжэй. Падтрымлівае ў ліставанні Віку і яе строгая бабуля. Яна, канечне, у жарт, паабяцала даць унучцы рамяня пры сустрэчы. Але пры гэтым менавіта бабуля разам з Вікай хадзіла на выбары 9 жніўня з белым бранзалетам на руцэ.

«Адвакатка расказвала, што многія яе кліенткі, маладыя дзяўчаты, хутка ламаюцца ў такіх умовах, не вытрымліваюць допытаў, псіхуюць, у іх пачынаецца істэрыка… Але Віка, з яе ж словаў, трымаецца малайцом. У яе моцны характар, і я ў гэтым не сумняваўся. Можа, унутры яна нешта перажывае, але ніколі не пакажа гэтага», — кажа Яўген.

Гранкоўскіх падтрымлівае вялікае кола людзей: ад калег Вікі да яе аднакурснікаў і нават зусім незнаёмых людзей. Так, адна з выкладчыц БНТУ пастаянна пячэ ёй хатні хлеб на перадачы. У парадку і котка Сірэна, за якую хвалюецца Віка: яе пакуль забраў да сябе хлопец дзяўчыны.

«Вялікая хваля салідарнасці з маёй сястрой, вельмі ўражвае. Я нават усім не паспяваю адказваць на званкі і паведамленні: пакуль нам усяго хапае».

13 студзеня Віцы і іншым студэнтам падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы. Усе блізкія ўпэўненыя: ім няма чаго «прышыць».

Пісаць лісты палітзняволенай студэнтцы можна на гэты адрас:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?