Фота Depositphotos.com

На месцы былога шпіталя хуткай дапамогі ва Ухані, дзе ляжалі тысячы інфікаваных на піку ўспышкі, цяпер размешчаная выстава, прысвечаная перамозе горада над вірусам.

Аднак існуе меркаванне, што трыумф недарэчны і гаварыць пра перамогу рана. А тыя, хто згубіў блізкіх, увогуле гневаюцца.

Калі ў сакавіку мінулага года віцэ-прэм’ерка Сунь Чуньлань наведала горад і пераконвала, што ўсё пад кантролем, людзі крычалі ёй з акон, што ўсё гэта падман, хоць у Кітаі крытыкуюць рэдка, бо гэта небяспечна.

Жыхарка горада, якая згубіла свайго бацьку ў лютым праз кавід, лічыць, што, замест таго, каб супрацьстаяць успышцы, чыноўнікі замоўчвалі яе.

Бацька яшчэ адной 36-гадовай жыхаркі Чжан Хун, імаверна, памёр ад кавіду падчас успышкі ва Ухані. Афіцыйна ў яго не быў дыягнаставаны каранавірус, і яго не ўключалі ў афіцыйныя спісы, як і шмат іншых людзей, што памерлі падчас успышкі ва Ухані.

Нядаўна ўлады Кітая прызналі, што афіцыйная статыстыка з Уханя (50 340 выпадкаў захворвання) не адлюстроўвае рэальных маштабаў успышкі віруса. На пачатку студзеня гэтага года Кітайскі цэнтр па кантролі і прафілактыцы захворванняў заявіў, што тэставанне выявіла наяўнасць антыцел да кавіду ў 4,43% насельніцтва горада, з чаго можна зрабіць выснову, што ва Ухані, імаверна, перахварэлі каля паўмільёна чалавек.

Ёсць прыкметы таго, што ўлады Кітая занепакоеныя абурэннем жыхароў Уханя, дзе людзі перажылі самыя страшныя жахі пандэміі. Пасля гэтага ўзмацнілася цэнзура, а журналіста Чжан Чжаня, які з самага пачатку асвятляў пандэмію, арыштавалі на 4 гады за «распальванне варожасці».

Тым не менш, у цэлым па краіне Камуністычная партыя цвёрда трымае ўладу, і за час пандэміі кантроль над грамадствам толькі ўзмацніўся. Летась Кітай застаўся адзінай вялікай эканомікай, дзе назіраўся рост, а экспарт дасягнуў рэкорднага ўзроўню.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?