На борце Airbus A330-203 знаходзіліся 228 чалавек, у тым ліку сем дзяцей і адно немаўля. Сярод пасажыраў быў 26-гадовы прынц Педру Луіс ды Арлеанс і Браганса, прамы нашчадак апошняга імператара Бразіліі Педру Другога.

Авіялайнер Airbus A330-203 авіякампаніі «Air France» знік над Атлантыкай у ноч на панядзелак. Самалёт кіраваўся па маршруце Рыа-дэ-Жанэйра-Парыж. На борце авіялайнера знаходзіліся прадстаўнікі 32 нацый — усяго 228 чалавек, у тым ліку сем дзяцей і адно немаўля.

Пошукі зніклага авіялайнера працягваліся ўсю ноч на аўторак. Папярэдняя інфармацыя пра тое, што ён мог пацярпець катастрофу ля берагоў Сенегалу, не знайшла пацверджання. Маршрут рэйса AF 447 даследуе вайсковая авіяцыя Бразіліі. Урад Францыі звярнуўся з афіцыйным запытам па дапамогу да Пентагону.

Надзеі на тое, што хтосьці з пасажыраў A330-203 выжыў, амаль не засталося. У Рыа ўжо абвешчаная трохдзённая жалоба. У аэрапорт імя Шарля дэ Голя наведаўся прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, каб падтрымаць родных пасажыраў, якія ляцелі самалётам «Air France».

Як паведамляе «Euronews»,

сярод найбольш верагодных прычынаў катастрофы адмыслоўцы называюць пагаршэнне надвор’я ў час выканання рэйсу. У гэты час у дадзеным рэгіёне вельмі часта здараюцца штормы.

Згодна апублікаванага «Air France» спісу нацыянальнасцяў, рэйсам AF 447 у Парыж ляцелі двое амерыканцаў, адзін аргентынец, адзін аўстрыец, адзін бельгіец, 58 бразільцаў, пяцёра брытанцаў, адзін канадзец, дзевяць кітайцаў, адзін харват, адзін датчанін, адзін галандзец, адзін эстонец, адзін філіпінец, 61 француз, адзін гамбіец, 26 немцаў, чацвёра венграў, трое ірландцаў, адзін ісландзец, дзевяць італьянцаў, пяць ліванцаў, двое мараканцаў, трое нарвежцаў, двое палякаў, адзін румын, трое славакаў, адзін грамадзянін ПАР, адзін іспанец, адзін швед, адзін швейцарац, адзін турак і адзін расеец. Гэтым рэйсам таксама ляцеў 26-гадовы прынц Педру Луіс ды Арлеанс і Браганса, прамы нашчадак апошняга імператара Бразіліі Педру Другога.

***

На сёння ў свеце эксплуатуецца каля 600 адзінак А-330. Да апошняга дня сур’ёзных аварый з іх удзелам не здаралася. Адзіная авіякатастрофа здарылася 30 чэрвеня 1994 году ў часе выпрабаванняў. Тады загінулі 8 чалавек – члены экіпажу. У гісторыі авіякампаніі «Air France» катастрофаў, падобных да той, што здарылася 1 чэрвеня 2009 году, не было.

Паводле Газета.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0