Як лічаць у Следчым камітэце, яшчэ 1 верасня 2020 года Уладзімір Міхалка ў час, калі ў дачыненні да яго вёўся адміністрацыйны працэс, на вуліцы Савецкай, у раённай бальніцы, у будынку РАУС і ў іншых грамадскіх месцах у прысутнасці іншых грамадзян шматкроць публічна ў слоўнай форме выказваў абразы на адрас прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паводле звестак следчых, Міхалка ў гэты час знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення, паведамляе spring96.org.

Пра ўчынак Міхалкі згадалі толькі амаль праз тры месяцы, калі раённы аддзел Следчага камітэта завёў ў дачыненні да яго крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. На той час Уладзімір Міхалка хаваўся і адразу затрымаць яго міліцыянтам не ўдалося.

21 снежня 2020 года следчы ў асабліва важных справах Рэчыцкага раённага аддзела Следчага камітэта Дзмітрый Локцеў вынес пастанову аб правядзенні ператрусу ў адным з прыватных дамоў, дзе на ягоную думку мог хавацца Міхалка. Там яго знайшлі і затрымалі.

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер Уладзімір Міхалка ўтрымліваецца ў Гомельскім СІЗА. Згодна з часткай 1 артыкула 368 мужчыну можа пагражаць да двух гадоў зняволення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0