Старшыня Вялікай Рады «Бацькаўшчыны» пра сітуацыю вакол стварэння арганізацыі «Беларускі дом».

Працягваецца стварэнне арганізацыі «Беларускі дом», што задумаў былы кандыдат на пасаду прэзідэнта і палітвязень Аляксандр Казулін. Паэт Уладзімір Някляеў у нядаўнім інтэрв’ю «Народнай волі» назваў сярод сузаснавальнікаў «Беларускага дому» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

На гэта адрэагавала намесніца старшыні «Бацькаўшчыны» і былая прэс-сакратарка Казуліна Ніна Шыдлоўская. У звароце яна зазначыла, што арганізацыя не далучылася да ініцыятывы Казуліна, і прынцыпова не ўмешваецца ў палітыку.

У сваю чаргу кіраўнік «Бацькаўшчыны» вядомы мастак Аляксей Марачкін заявіў, што гэтыя словы былі прыватнай ініцыятывай спадарыні Шыдлоўскай, а не пазіцыяй арганізацыі. На яго думку, Шыдлоўская кіравалася жаданнем знайсці ў Мінску памяшканне для з’езду. Сам Марачкін рашуча падтрымлівае Аляксандра Казуліна.

З мэтай праяснення сітуацыі мы задалі некалькі пытанняў старшыні Вялікай Рады «Бацькаўшчыны» Алене Макоўскай.

«Наша Ніва»: Казулін насамрэч выходзіў на «Бацькаўшчыну» з прапановай далучыцца да «Беларускага дому»?

Алена Макоўская: Так, гэта было недзе ў пачатку году. Прапановаў далучыцца да арганізацыі пад умоўнай назвай — Асацыяцыя творчых саюзаў. Яна пазней трансфармавалася ў «Беларускі дом». Афіцыйнага ліста ў наш бок не паступала, ідэі былі агучаны ў размовах і праекце камунікату, які рэкамендавалася падпісаць.

«НН»: Рада «Бацькаўшчыны» разглядала гэтае пытанне?

АМ: Так, яшчэ 2 сакавіка. Паколькі асноўным пытаннем з’яўлялася падрыхтоўка і правядзенне з’езду, пытанне аб падтрымцы ці ўваходзе ў казулінскую арганізацыю было разгледжана ў «розным». Рашэнне Рады магу працытаваць: «У сувязі са сканчэннем паўнамоцтваў дзейснай Малой Рады, у выпадку актуальнасці вярнуцца да разгляду пытання аб стварэнні грамадскай арганізацыі «Беларускі дом» пасля правядзення чарговага з’езду беларусаў свету».

«НН»: Заявы Ніны Шыдлоўскай — гэта яе прыватная ініцыятыва ці ўзважаная пазіцыя арганізацыі?

АМ:

У каментары Ніны прысутнічаюць асабістыя ацэнкі ў адносінах да самога палітыка. Паколькі яна працавала з ім, то, напэўна, мае на гэта права. Але тое што датычыцца яе каментара ў агульным, у ім прагучала пазіцыя самой «Бацькаўшчыны».
І гэтую пазіцыю я бы хацела яшчэ раз прадэманстраваць.

«Бацькаўшчына» не з’яўляецца палітычнай арганізацыяй. Сябры Згуртавання — людзі абсалютна розных палітычных поглядаў. Мы з павагай ставімся да іх меркаванняў. І не нам вырашаць каго з палітыкаў ім падтрымліваць. З часоў заснавання «Бацькаўшчыны», кіраўніцтву арганізацыі забаранялася быць сябрам якой-небудзь партыі. Мы можам супрацоўнічаць і супрацоўнічаем з палітычнымі структурамі ў Беларусі па тых напрамках, што адпавядаюць нашаму статуту.

Непрыемна ўразіў факт, што імя Згуртавання стала называцца ў прэсе ў сувязі з гэтай ініцыятывай, прычым сябрамі Рады, якія на гэтай жа радзе і прысутнічалі.

«НН»: Заявы Марачкіна не могуць прывесці да нейкага расколу ўнутры арганізацыі?

АМ: «Бацькаўшчына» звычайна вырашала складаныя сітуацыі дзякуючы кансалідаванасці яе сяброў, узважанай пазіцыі кіраўніцтва. Беларуская дыяспара і так падзелена геаграфічна, пакаленнямі, палітычнымі поглядамі. І наша задача сёння такая ж, як і раней, аб’ядноўваць, а не ўкідваць яшчэ адзін яблык разладу. З свайго боку я хачу выказаць шчырае спадзяванне, што Аляксей Марачкін больш увагі будзе надаваць менавіта з’езду і яго падрыхтоўцы, чым нейкім новым ініцыятывам.

«НН»: Вашу арганізацыю хочуць уцягнуць у палітычныя гульні?

АМ: Гэта хутчэй выкарыстоўванне яе ў палітычных мэтах. Я шчыра спадзяюся, што той, хто ініцыяваў гэты працэс не прадбачыў, да чаго ён можа прывесці ў выніку. Тут хутчэй праглядаюцца метады часоў КПСС — «прывадныя рамяні партыі», і, на жаль, некаторыя дзеячы інтэлігенцыі ідуць на гэтую ролю. Але лёгкім узмахам рукі немагчыма пабудаваць дом. Так не бывае. Без «працы будзённай, шэрай» не бывае нічога.

«НН»: Як цяпер справы з памяшканнем для з’езду, ці ўдалося нешта знайсці?

АМ: Мы атрымалі паведамленне ад міністэрства культуры Беларусі, што, на жаль, тэатр Янкі Купалы спыняецца на рэстаўрацыю. Такім чынам чакаем толькі адказу з Мінгарвыканкаму. Калі яго не будзе на гэтым тыдні, правядзенне з’езду ў Мінску зрываецца. Мы проста не паспеем правесці ўсю арганізацыйную працу.

Дакладна праз падобную сітуацыю праходзіла «Бацькаўшчына» напярэдадні практычна ўсіх мінулых з’ездаў. І тлумачыцца яна зусім не фігурай вядомага палітыка, які да «Бацькаўшчыны» не мае ніякага дачынення, а агульным стаўленнем беларускіх уладаў да любых незалежных ініцыятываў.

Каб даведацца, як ідуць справы па стварэнні «Беларускага дому», мы патэлефанавалі Аляксандру Казуліну.

«Працуем, жыццё пакажа, што будзе далей», — зазначыў палітык.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?