Чаму людзі выйшлі?

Асноўная прычына — арышт апазіцыянера Аляксея Навальнага. Ну і яго фільм пра палац Пуціна, які апублікавалі, ужо калі Аляксей быў за кратамі. Фільм набраў больш за 87 мільёнаў праглядаў, гэта самае папулярнае незабаўляльнае відэа ў рускамоўным Ютубе.

Коратка нагадаем хроніку падзей. Аляксей Навальны быў вывезены ў Германію яшчэ ў жніўні, пасля таго, як яму стала кепска ў самалёце Томск-Масква 20 жніўня. Ён правёў у коме два тыдні, сям’я настаяла, каб Навальнага дазволілі лячыць у берлінскім шпіталі «Шарытэ». 

Нямецкія дактары выявілі, што апазіцыянера спрабавалі атруціць ядам групы «Навічок». Пазней сам Навальны разам з расследавальнікамі «Белінгкэт» раскапаў пра ўсе падрабязнасці атручвання і нават пагаварыў па тэлефоне з супрацоўнікам ФСБ Кудраўцавым — той распавёў, як у гасцініцы наносілі яд на трусы апазіцыянера.

Расійская улада адрэагавала на выкрыцці пагрозамі. Раней Навальны быў асуджаны на 3,5 года ўмоўна, цяпер яго абвінавацілі ў тым, што ён хаваецца ад кантролю, адпаведна, ўмоўны тэрмін можа быць заменены рэальным. 

Але нягледзячы на адкрытую пагрозу новага арышту, Навальны прыняў рашэнне не заставацца за мяжой, а вярнуцца ў Расію 17 студзеня. Самалёту не далі сесці ў аэрапорце Унукава, дзе Навальнага чакалі прыхільнікі (якіх стрымліваў АМАП), накіравалі ў Шарамеццева. На пашпартным кантролі Навальнага затрымалі, 18 студзеня суд (які прайшоў проста ў аддзяленні паліцыі) арыштаваў яго на 30 сутак. 

Фота РІА Новості

У той жа дзень выйшаў відэазварот Навальнага, у якім апазіцыянер заклікаў людзей выходзіць на вуліцы 23 студзеня. 19 студзеня Фонд барацьбы з карупцыяй апублікаваў расследаванне пра палац Пуціна ў Геленджыку.

Цікток і клопат аб падлетках

Напэўна, ўпершыню палітыка прыйшла ў відэасацсетку «Цікток», якая карыстаецца надзвычайнай папулярнасцю сярод дзяцей і падлеткаў. Пачалі з’яўляцца відэа з заклікамі выходзіць на мітынгі і нават ролікі, у якіх школьнікі мяняюць партрэты Пуціна на партрэты Навальнага ў навучальных кабінетах.

Відэа пачалі збіраць шалёную колькасць праглядаў. Тады шэраг ціктокераў атрымаў прапановы за грошы выказацца супраць пратэстаў. 

Увечары 20 студзеня Раскамнагляд запатрабаваў у адміністрацыі Ціктока выдаліць усе матэрыялы з «заклікамі да непаўналетніх удзельнічаць у супрацьзаконных пратэстных акцыях». 

Пачалі выказвацца і дзяржСМІ: маўляў, навальністы заклікаюць дзяцей выходзіць на вуліцы і прыкрываюцца падлеткамі! 

А да некаторых школьнікаў прыйшла пагаварыць самая сапраўдныя міліцыя:

Колькі выйшла?

Ацэнкі адрозніваюцца. Расійскі МУС ацаніў колькасць пратэстоўцаў у Маскве ў 4 тысячы, інфармагенцтвы AP і Reuters назвалі лічбы ад 15 да 40 тысяч. 

Фота Reuters

Фонд барацьбы з карупцыяй настойвае, што па ўсёй Расіі выйшла каля 300 тысяч, у Маскве — каля 60 тысяч чалавек.

Фота Reuters

Маскоўскія пратэсты гулі ўвесь дзень. Канчаткова людзі разышліся толькі пасля 8-й вечара. Пачалося з цэнтра горада, пазней людзі збіраліся ля «Матроскай цішыні» — СІЗА, дзе сядзіць Навальны. 

«Лёша, выходзь!» — крычалі пратэстоўцы, іх адразу ж затрымлівалі.

Жорсткасць і пратэсты ў рэгіёнах

Адметнасцю пратэстаў былі некалькі момантаў. 

Па-першае, дзеянні расійскіх сілавікоў і ўлады, якія відавочна сёе-тое падгледзелі ў беларусаў. Напрыклад, у некаторых гарадах былі праблемы з мабільнай сувяззю і інтэрнэтам. А ў Маскве першыя затрыманні ў месцы збору пратэстоўцаў пачаліся хіба не раніцай.

Затрымлівалі таксама і журналістаў, якія былі пазначаныя жоўтымі камізэлькамі, тлумачылі гэта праверкай дакументаў. Праўда, рэпарцёраў не адпраўлялі на суткі, як у Мінску, а праз пэўны час выпускалі.

У Маскве паліцэйскія ўварваліся ў кватэру ў раёне Пушкінскай плошчы, адкуль журналісты «Дождя» вялі жывую трансляцыю. Паліцэйскія адключылі электрычнасць і забралі ў карэспандэнта Аляксея Карасцялёва пашпарт, а затым павезлі яго ў аддзел паліцыі для высвятлення асобы.

Таксама затрыманні паплечнікаў Навальнага пачаліся за некалькі дзён да мітынгаў. Супрацоўнікаў Фонду барацьбы з карупцыяй Любоў Собаль, Уладлена Лася, Георгія Албурава, а таксама прэс-сакратара Навальнага Кіру Ярмыш затрымалі 21 студзеня. Па звестках РБК, Собаль аштрафавалі амаль на 8500 беларускіх рублёў за паўторнае парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства, Ярмыш за заклікі выйсці на акцыю арыштаваная на дзевяць сутак, Албураў — на дзесяць.

Юрысту ФБК Уладлену Ласю (ён грамадзянін Беларусі), спачатку вынеслі забарону ўезду ў Расію да лістапада 2023 года, а пасля яго змясцілі пад варту на трое сутак.

Па-другое, людзі выходзілі не толькі ў Маскве і Пецярбургу, дзе пратэстная актыўнасць традыцыйна высокая. 23 студзеня мітынгі адбыліся і ў рэгіёнах: Екацярынбург, Іркуцк, Краснадар, Ніжні Ноўгарад… Выходзілі нават у Якуціі, дзе ў гэты дзень было мінус 50 марозу! ВВС паведаміла, што на пратэст выйшлі ў 122 гарадах па ўсёй Расіі.

Трэці момант — агрэсія з абодвух бакоў. 

Жорстка дзейнічалі і амапаўцы, і мітынгоўцы, якія адбівалі сваіх. Міліцыю закідвалі сняжкамі ці проста білі; сілавікі, разганяючы пратэстоўцаў, актыўна ўжывалі дубінкі. 

«Як мінімум 28 чалавек распавялі, што яны былі збітыя паліцыянтамі. Іх білі галавой аб асфальт, дубінкамі па галаве і іншых частках цела, скакалі на ногі і вырвалі завушніцу-тунэль з вуха», — паведамляе ОВД-інфо.

Але ж відавочна, што поўнага карт-бланшу на гвалт расійскія сілавікі не атрымлівалі — прынамсі пакуль што. 

Таксама расійскі МУС не скарыстаўся прыкладам беларускага і не стаў абвінавачваць ва ўсім толькі пратэстоўцаў.

Розгалас набыў выпадак, калі ў Пецярбургу баец Росгвардыі ні за што нагою ўдарыў у жывот 54-гадовую Маргарыту Юдзіну.

Яе шпіталізавалі, але расійская міліцыя не стала адмаўляць выпадак ці судзіць самую Юдзіну. Спачатку да жанчыны ў бальніцу прыехаў выбачацца міліцэйскі начальнік, а на наступны дзень і той сілавік, які нанёс удар, — з букетам кветак і выбачэннямі. 

У Расіі лепш быць селебрыці…

Перад мітынгамі шмат вядомых людзей пачалі выказвацца як у падтрымку Навальнага, так і супраць яго. Таблоіды разарвала навіна, што Ала Пугачова адпісалася ў інстаграме ад Кіркорава (які выкаціў пост з падзякамі Пуціну) і падпісалася на Навальнага.

Выходзілі селебрыці і на вуліцы. На мітынгах заўважылі музыкаў, комікаў, блогераў. Вядомы журналіст і ютубер Юрый Дудзь выйшаў на акцыю ва Уладзівастоку, рэпер Аксімірон — у Піцеры.

Дудзь на мітынгу ва Уладзівастоку. Фота chilim_vdk/Instagram

Як правіла, знакамітасцяў не затрымлівалі. У некаторых выпадках затрымлівалі, але пасля адпускалі (так атрымалася з блогерам Іллём Варламавым і Юліяй Навальнай, якая паспела нават запосціць сэлфі з аўтазака). 

…ці чачэнцам

Яшчэ адзін скандал узнік пасля відэа, на якім хлопец адкрыта б’ецца з сілавікамі. Аказалася, што гэта 20-гадовы чачэнец.

Адам Дзелімханаў, дэпутат Думы ад Чачні, заявіў, што кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў гатовы дапамагчы хлопцу.

«Калі Сайд-Мухамад Джумаеў, які біўся з амапаўцамі, не падзяляе пазіцыю пратэстоўцаў, то Рамзан-Хаджы, наш падышах, сказаў, што дапаможа табе з тым, што тычыцца закона».

Выданне Baza паведаміла, што паліцыі ўдалося пагутарыць са сваякамі Джумаева. Джумаеў нібыта распавёў сваякам, што на акцыі «яго хтосьці ўдарыў па галаве, а калі ён прыйшоў у сябе, ужо быў у шалёным стане і пачаў біцца з амапаўцамі». Родныя Джумаева таксама заявілі паліцыі, што мужчына не звязаны з апазіцыяй і на мітынгі не ходзіць.

Рэкордныя затрыманні

Людзей на мітынгах масава затрымлівалі — СМІ паведамілі аб лічбе 3400-3700 затрыманых. Гэта рэкордная колькасць затрыманых у найноўшай гісторыі Расіі.

Амаль 1500 затрыманых у Маскве, больш за 500 у Пецярбургу, каля 70 — у Сочы і Хабараўску, 120 у Казані, амаль 100 у Варонежы.

Фота Reuters

«Непаўналетніх як мінімум 195 затрыманых. Затрыманых журналістаў — 49 чалавек у 18 гарадах, некаторых з іх збілі пры затрыманні», — прыводзіць лічбы ОВД-інфо.

Таксама часам паведамленні пра дзеянні расійскіх сілавікоў вельмі нагадвалі паведамленні пра іх беларускіх калег:

«У Стаўрапалі не менш за 40 затрыманых дзве з паловай гадзіны трымаюць у аўтазаку каля аддзела паліцыі. На вуліцы 0 градусаў»;

«У Маскве ў аўтазаку трымаюць на марозе людзей і не заводзяць іх у аддзел. Паліцэйскі запатрабаваў ад іх здаць пашпарты, а на адмову выключыў рухавік машыны са словамі «значыць, будзеце мерзнуць». Па словах затрыманых, чатыры чалавекі з аўтазака збітыя».

«Аддзел паліцыі па раёне Левабярэжны у Маскве не прымае перадачы. Унутр спрабавалі перадаць сухі лёд, бо ў аднаго з затрыманых зламаныя пальцы. Паліцыянты сказалі, што ўжо выклікалі медыкаў».

Дзе затрыманні — там і справы

Затрыманым на пратэстных акцыях інкрымінуюць парушэнне правілаў удзелу ў акцыі, стварэнне перашкод гарадской інфраструктуры. Пакаранні амаль як у Беларусі: буйныя штрафы ці арышт (ад 15 да 30 сутак). 

Аляксей Венедыктаў са спасылкай на Масгарсуд паведамляе, што ў суды Масквы за двое сутак паступіла каля 900 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях на мітынгу 23 студзеня. 

Суды прызначылі арышты 30 удзельнікам акцыі, штрафы — 64 удзельнікам.

Панесліся і крымінальныя справы. 

«У Маскве распачатыя восем крымінальных спраў па выніках мітынгу 23 студзеня. Сем з іх — па выпадках нападаў на паліцэйскіх, яшчэ адно — па хуліганстве і наўмысным прычыненні шкоды чужой маёмасці, у гэтым выпадку гаворка ідзе аб машыне ФСБ, разбітай каля цырка Нікуліна.

Некалькі спраў — па выпадках перакрыцця вуліц.

Але пакуль затрыманых па ўсіх гэтых эпізодах афіцыйна няма», — паведамляе выданне Baza.

Фота Reuters

У Санкт-Пецярбургу распачатыя крымінальныя справы за абразу прадстаўніка ўлады (плакат пра паліцыю), перакрыццё дарогі. Ва Уладзівастоку — за пагрозу эксплуатацыі транспарту. 

У Краснадары паліцыя завяла крыміналку на мясцовага жыхара Уладзіміра Ягорава, які зняў штаны падчас акцыі. Цяпер яму пагражае да 7 гадоў за хуліганства.

Агулам па краіне заведзены мінімум 15 крымінальных спраў, паведамляе ОВД-інфо.

Што кажа Пуцін

Прэзідэнту Расіі прыйшлося пракаментаваць пратэсты падчас відэаканферэнцыі са студэнтамі, піша РБК.

Адна са студэнтак сказала Пуціну, што нават незацікаўленых людзей не абыходзіць бокам паток інфармацыі аб нядаўніх хваляваннях у шэрагу рэгіёнаў. І папрасіла пракаментаваць іх.

У адказе прэзідэнт Расіі прывёў у прыклад у прыклад падзеі 1917 і 1990 гадоў, пасля якіх «усё стала настолькі горш, што нікому і ў галаву не магло прыйсці», аж да грамадзянскай вайны і расстрэлу парламента. «Усе падзеі падобнага роду, пра якія я цяпер казаў, — ніхто не павінен звяртацца да іх, імкнучыся абараніць нейкія свае амбіцыйныя задачы і мэты, асабліва ў сферы палітыкі. Так палітыка не робіцца, ва ўсякім выпадку адказная, — сказаў Пуцін. — У нас быў момант, калі стралялі па парламенце ў цэнтры Масквы, — маладыя людзі гэтага нават не ведаюць. Стралялі з танкаў, проста прамой наводкай па будынку парламента. І гэта было не так даўно. Але маладыя людзі, зусім школьнікі, дык яны гэтага не бачылі, не чулі. Для іх гэта ўсё роўна што нашэсце Напалеона на Маскву ў 1812 годзе. Так далёка, яны нават не адчуваюць гэтага нічога. Але людзі старэйшыя павінны гэта ведаць, павінны памятаць. І ні ў якім разе — асабліва адказныя людзі — ні ў якім разе гэтага не павінны дапускаць».

Ён запэўніў, што «ўсе людзі маюць права выказваць свой пункт гледжання ў тых межах, якія прадугледжаны законам. Усё, што выходзіць за рамкі закона, не проста контрпрадукцыйна, але і небяспечна». Па словах Пуціна, Расія ў сваёй гісторыі часта сутыкалася з сітуацыямі, якія прыводзілі «да такога разварушвання грамадства і дзяржавы, ад якога пакутавалі не толькі тыя, хто разгойдваў дзяржаву і грамадства, але і тыя людзі, якія не мелі да гэтага ніякага дачынення».

А што ж палац коштам паўтара мільярда даляраў? Ні мне, ні маім блізкім ён не належыць, сышоў ад адказу Уладзімір Пуцін, што выклікае з'едлівыя каментары ў рунэце.

Паўнавартасныя вынікі падзей падводзіць пакуль рана. Леанід Волкаў, кіраўнік рэгіянальных штабоў Навальнага, ужо анансаваў чарговыя акцыі пратэсту. Мітынгі плануюцца на 30 ці 31 студзеня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?