Пакуль вуліца поўніцца чуткамі пра дэвальвацыю, у сценах Нацбанку працягваюць распрацоўваць грошы, якіх, хутчэй за ўсё, меркаванае абясцэньванне не зачэпіць.
Больш за тое: паколькі гутарка вядзецца пра памятныя манеты з абмежаваным накладам, дык з кожным годам іх цана (прынамсі сярод калекцыянераў‑нумізматаў) будзе няўхільна расці.

У мінулыя гады выйшлі серыі манетаў «Казкі народаў свету», «Святы і абрады беларусаў». Хіт жа гэтага сезону – «Знакі задыяка»: ужо выйшлі манеты са выявамі Рыбаў, Авена, Цяльца, Блізнятаў, а да канца года серыя мусіць дапоўніцца да 12 асобнікаў.

«Мы стараемся выпускаць манеты са знакамі Задыяка своечасова: вось пры канцы сакавіка выпусцілі асобнік з выявай Блізнятаў, з такім разлікам, каб пры канцы мая людзі гэтага знаку ўжо змаглі набыць яго, ці атрымаць у якасці падарунка. Сёння падпісаны ўказ пра выпуску манеты з Дзевай, чыё панаванне прыпадае на верасень», — адказвае павесялелы (пэўна таму, што яго не пытаюць "дэвальвацыйныя" пытанні) начальнік інфармацыйнай службы Нацбанку Анатоль Драздоў.

Выявы на манетах распрацаваныя вядучай мастачкай банку Святланай Заскевіч. «Паколькі тэма Задыяку — небеларуская, я зрабіла манету ў такім адметным, нетрадыцыйным стылі. У вочкі Рыбам і Блізнятам паўстаўляла сінтэтычныя крышталі, каб ажывіць выяву, каб серыя выйшла сапраўды незвычайнай», – кажа Заскевіч.

Манеты зробленыя ў Польшчы — у нас няма ўласнага манетнага двара. Нацбанк ладзіць тэндэр сярод манетных двароў суседніх дзяржаваў, і палякі выявіліся выдатнымі партнёрамі.

Кошт памятнай срэбранай манеты – 99 тысячаў, але паводле заявы Нацыянальнага банку, манета з’яўляецца законным плацежным сродкам, абавязковым да прыёму па намінальным кошце – 20 рублёў. То бок

у кожным гастраноме замест жоўтай дваццацірублёўкі можна даць касірцы гэты кругляк, дыяметрам амаль 4 сантыметры, які з выгляду больш нагадвае сярэдневечныя талеры, чым сучасныя грошы.

«Вы дарэмна смеяцеся, — рэагуе Анатоль Драздоў, — каб манету ніхто не прыймаў паводле наміналу, дык яна была бы звычайным памятным мэдалём. Гэта сусветнае патрабаванне да памятных манет — яе павінны прымаць у якасці разліковага сродка. Сабекошт большы за намінал — сам жа калекцыянер не захоча аддаць такія дарагія 20 рублёў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?