Плітыдэпсін, які даследуецца ў якасці супрацьракавага прэпарата, аказаўся ў 27 з паловай разоў больш эфектыўным супрацьвірусным сродкам супраць каранавіруса SARS-CoV-2, чым прэпарат рэмдэсівір, які выкарыстоўваецца ў некаторых краінах. Адпаведнае даследаванне група навукоўцаў з Нью-Ёрка і Сан-Францыска апублікавала ў часопісе Science, піша РБК.

Плітыдэпсін, больш вядомы пад гандлёвай маркай аплідын, атрымаў абмежаванае распаўсюджванне ў 2000-х гадах. Ён выпрацоўваецца з марскіх жывёл асцыдый. Упершыню яго вылучылі з Aplidium albicans — разнавіднасці асцыдый, выяўленай у Міжземным моры ля ўзбярэжжа выспы Ібіца. Правы на гэты прэпарат належаць іспанскай кампаніі PharmaMar.

У 2004 годзе гэты прэпарат быў зарэгістраваны Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў у якасці прэпарата, які дапамагае пры лячэнні рака. У 2017 годзе Камітэт EMA па лекавых сродках адмовіў у дазволе на продаж гэтага прэпарата ў якасці лекаў для лячэння множнай міеломы з-за вялікай колькасці пабочных эфектаў і недаказанага лячэбнага ўздзеяння. У кастрычніку 2020 года суд ануляваў гэтае рашэнне. У Аўстраліі плітыдэпсін быў ухвалены ў снежні 2018 года, там яго выкарыстоўваюць у камбінацыі з дэксаметазонам для лячэння пацыентаў з некаторымі відамі міеломы.