Постаць вядомага беларускага нацыянальнага дзеяча, святара, усё жыццё якога было ахвярным служэннем Богу і Беларусі, паказана ў кнізе праз прызму шматлікіх дакументаў, раней не даступных для шырокага грамадскага ўжытку. Гэтыя дакументы дазваляюць убачыць у асаблівым святле, больш падрабязна многія старонкі біяграфіі ксяндза Адама Станкевіча, асабліва яе заключнага перыяду, калі ў Заходнюю Беларусь прыходзіць савецкая ўлада і з канца 1944 года пачынае пераслед святара.

Аўтар кнігі меў магчымасць азнаёміцца з дакументамі віленскіх архіваў, а менавіта з дакументамі тагачаснай савецкай службы бяспекі — гэта ордары на арышты святара і вобшукі яго жылля, пратаколы допытаў, пастановы аб прысудах і інш. Да таго ж аўтар з’яўляецца добрым знаўцам беларускага літаратурна-грамадскага руху 1920—1930-х, шматлікай палемічнай перыёдыкі таго часу (беларускай і польскай), знаўцам Вільні.

Усе назапашаныя веды, вывучаныя дакументы ды сам выбітны паэтычны талент Леаніда Дранько-Майсюка спрычыніліся да таго, што яму ўдалося стварыць захапляльнае падарожжа ў лёс свайго героя — святара, грамадскага дзеяча на ніве беларускага адраджэння, палітыка, асветніка скарынаўскага фармату.

Аўтар праводзіць нас старонкамі шматлікіх дакументаў, робячы рэканструкцыю раней мала вядомых старонак біяграфіі Адама Станкевіча. У дакументальнай аповесці навуковая дакладнасць, выверанасць канкрэтных фактаў суседнічае з суб’ектыўна-аўтарскімі ацэнкамі і разважаннямі.

Выдатна і шматбакова паказана ў кнізе постаць Адам Станкевіч як нястомнага дзеяча нацыянальнага адраджэння, як палітыка, лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі 1920-х гадоў, пасла ў Польскім сейме, ініцыятара стварэння і актывіста шматлікіх беларускіх нацыянальных арганізацый міжваеннага і ваеннага часу, змагара за беларускія школы, беларускую дзяржаўнасць, а асабліва за паслядоўную беларусізацыю касцёла, што на той час сустракала моцны супраціў і абарочвалася для святара шматлікімі непрыемнасцямі, выпрабаваннямі, вымагала ахвярных высілкаў.

Але ён быў паслядоўны і цярплівы ў сваёй пазіцыі, разумеючы, што мусіць дбаць, каб яго служэнне вяло беларускі народ да Бога на роднай мове, а ў будучыні гэта, несумненна, дапамагло б умацаваць Беларусь і яе дзяржаўнасць. Як літаратар, як мастак слова, а не гісторык-дакументаліст, аўтар імкнецца зазірнуць і ва ўнутраны свет свайго героя, прасякнуцца ягонымі думкамі і адчуваннямі.

Купіць кнігу можна ў інтэрнэт-кнігарнях kniganosha.by, выдавецтва «Тэхналогія»Knihi.by.

А таксама ў «Акадэмкнізе», Цэнтральнай кнігарні, «Светачы», «Ведах», «Кнігах і кніжачках» і ў рэгіянальных кнігарнях ААТ «Белкніга». 

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?