Фота Deposiphotos.com

Ад Антарктыды да Арктыкі сусветныя льды растаюць хутчэй, чым за ўсю гісторыю навуковых назіранняў, згодна з нядаўнімі звесткамі, атрыманымі са спадарожніка, які падлічыў колькасць лёду, згубленага за апошні час у выніку змены клімату, паведамляе выданне The Wall Street Journal.

Даследаванне паказала, што ў перыяд з 1994 да 2017 года Зямля згубіла прыкладна 28 трыльёнаў метрычных тон лёду. Гэта колькасць эквівалентная таўшчыні ледзянога покрыва ў 100 метраў, што суадносіцца з плошчай Вялікабрытаніі. Талая вада падняла ўзровень мора ўсяго толькі на цалю ва ўсім свеце, адзначаюць навукоўцы.

«Гэтую вялізную колькасць расталага лёду цяжка сабе ўявіць», — кажа Томас Слэйтэр, навуковы супрацоўнік Цэнтра палярных назіранняў Універсітэта Лідса ў Вялікабрытаніі і аўтар артыкула, у якім апісваюцца апошнія даследаванні. «Лёд адыгрывае важную ролю ў рэгуляванні глабальнага клімату, а яго імклівае змяншэнне прывядзе да больш частых экстрэмальных з’яў надвор’я», — сцвярджае даследчык.

Слэйтэр і яго калегі, прааналізаваўшы звесткі са спадарожніка, выявілі, што хуткасць глабальнага раставання лёду павялічылася на 65% з 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Па словах навукоўцаў, страта лёду паскорылася з 0,8 трыльёна метрычных тон за год да 1,3 праз павелічэнне тэмпературы ў атмасферы і акіяне ў выніку масавых выкідаў парніковых газаў.

Навукоўцы выкарыстоўвалі розныя метады, каб прыйсці да такіх высноў. Былі задзейнічаныя спадарожнікавыя вышынямеры і гравітацыйныя сэнсары, а таксама здымкі ледавікоў са спадарожніка, каб выявіць змены за апошнія гады.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?