Гэта павінна было быць тэлесерыялам, але матэрыял адхілілі заказчыкі, тады Дэвід Лінч стварыў поўнаметражны фільм з дзіўным, таямнічым, заблытаным сюжэтам, які атрымаў дзясяткі фестывальных узнагарод, у тым ліку ў Канах, бясконцую колькасць інтэрпрэтацый і званне адной з найвялікшых карцін сусветнага кінематографа. Імаверна, гэта адно з самых шчаслівых адрынутых пачынанняў у мастацтве. 

Праз фільм вы трапляеце ў татальную галюцынацыю — з Наомі Уотс і Лаурай Хэрынг у галоўных ролях, лесбійскім каханнем, скачкамі ў часе, містычнымі персанажамі і прадметамі, суседствам рэальнага з незямным і рознымі сюррэалістычнымі штучкамі ў пазнавальным стылі дзівакаватага рэжысёра. У такой галюцынацыі прыемна апынуцца.

Паводле сюжэта, Бэці прыязджае ў Галівуд станавіцца актрысай, спыняецца ў доме сваёй цёткі, а там знаходзіць незнаёмку, якая страціла памяць. Спачатку вы ўсё зразумееце, потым не зразумееце нічога, потым пачнеце будаваць тэорыі і тлумачэнні, нарэшце захочаце знайсці адказ у самога Лінча, але ён хітры дастаткова, каб нікому ніколі не тлумачыць свае дзіўныя вобразы і светы. Хутчэй за ўсё, «карэктнай» інтэрпрэтацыі ў гэтым выпадку і не існуе.

«Вы так упарта працуеце, каб пасля таго, як прыходзяць ідэі, пабудаваць гэтую штуку і ўсе яе элементы правільна, у адзінае цэлае, на прыгожай мове, якая называеца «кіно». І ў тую секунду, калі яна завершана, людзі хочуць, каб ты перавёў яе назад у словы — гэта вельмі сумна, гэта пакута», — неяк з усмешкай сказаў рэжысёр і дадаў, што людзі заўсёды насамрэч ведаюць, што тое, што яны ўбачылі, значыць для іх.

На момант выхаду «Малхоланд Драйва» — ён быў завершаны ў 2001 годзе, — Лінч ужо зрабіў сабе імя фільмамі «Галава-ласцік», «Чалавек-слон», «Сіні аксаміт» і такім жа інтрыгоўна загадкавым серыялам «Твін Пікс» з яго знакамітым пытаннем «Хто забіў Лору Палмер?». Гэта адзін з тых аўтараў-аўтараў амерыканскага кіно, які хоць і здымаў у Галівудзе, да плыні галівудскага кіно ў тым сэнсе, у якім мы яго звычайна разумеем, ніколі не належаў. Лінч — гэта проста Лінч, то-бок не амерыканскае ці еўрапейскае, не камерцыйнае ці аўтарскае, не эксперыментальнае ці жанравае кіно, а проста асобная планета.

І вось аматар Фрэнсіса Бэкана і Эдварда Хопера, фатограф, музыкант, дзівак падрыхтаваў для пачатку тысячагоддзя нешта адпаведнае аўры містычнасці, што суправаджала тады апошнія гады. Яшчэ нядаўна людзі рыхтаваліся да суднага дня, але раптам ступілі ў новы міленіум, дзе паводле кубрыкаўскай «Касмічнай адысеі» людзі свабодна перамяшчаюцца паміж планетамі. Білеты на касмічныя караблі ў 2001-м у продаж не паступілі, але нешта касмічнае замацавалася ў атмасферы, а значыць, і ў культуры, — і легендарны Лінч такому кантэксту пасаваў ідэальна.

«Макабрычная містэрыя», «постфрэйдысцкая, ліхаманкавая мара пра кіно», «выбухова-сэксуальная гісторыя кахання, напоўненая славалюбствам і жорсткасцю» — крытыкі ўхвалілі апафеоз лінчаўскай загадкавасці, напісалі сотні рэцэнзій, заўважылі безліч раскіданых па карціне адсылак і так і гэтак прааналізавалі яго змест, але большай яснасці ў гісторыю «Малхоланд Драйва», здаецца, так і не ўнеслі.

Таму што ў гісторыі пра Бэці і Рыту можна пракласці мільён межаў паміж рэальнасцю і сном/фантазіяй/трызненнем, можна зачапіцца за канкрэтныя знакі і прыдумаць сваю канцэпцыю і такім чынам стаць суаўтарам гэтага грандыёзнага адрыва.

«Малхоланд Драйв» будзе паказвацца на вялікім экране да 10 лютага.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?