Фота Depositphotos.com

Шмат рэстаранаў у свеце звярнуліся да тэхналогіі, якая дазваляе кліентам аплачваць замову праз смартфон: варта проста паднесці тэлефон да чорнага квадрата, падобнага да штрых-кода. У такім разе кліентам не трэба чакаць рахунку, а кантакт з іншымі людзьмі зводзіцца да мінімуму. Пасля пачатку пандэміі шмат грамадскіх устаноў перайшлі да выкарыстання QR-сістэмы, піша BBC

QR-коды могуць утрымліваць вялікую колькасць звестак у параўнанні са стандартнымі штрых-кодамі. Гэта значыць, што ў адным маленькім квадраце можа змяшчацца ўся карысная інфармацыя: імёны, месца знаходжання, вэб-сайты і іншае.

Грошы за паслугу ці тавар, аплачаныя з дапамогай QR-кодаў, спісваюцца з рахунка кліента ў PayPal або з яго банкаўскай карткі, па аналогіі са звычайнымі анлайн-транзакцыямі.

QR-коды сталі асабліва карыснымі ў сферы аховы здароўя. Напрыклад, у медыцынскіх установах Брытаніі кожнаму наведвальніку прысвойваецца індывідуальны QR-код, каб такім чынам яны аўтаматычна рэгістраваліся без надання персаналу сваіх кантактных звестак. А калі выявіцца, што ў некага станоўчы тэст на каранавірус, сістэма аўтаматычна праінфармуе ўсіх, хто наведваў установу разам з гэтым пацыентам.

QR-коды выкарыстоўваюцца для адсочвання кантактаў носьбітаў віруса ў Аўстраліі, Сінгапуры і Паўднёвай Карэі.

Пашыраецца і аплата прадуктаў з дапамогай QR-кодаў. Гэтую тэхналогію актыўна выкарыстоўвае Amazon. Цяпер можна проста ўзяць усё неабходнае з паліц крамы і прайсці міма касы пасля сканавання QR-кода на выхадзе.

У некаторых супермаркетах ужо пачалі з’яўляцца «разумныя» вазкі, якія распачынаюць новую эпоху бескантактнага гандлю. Сістэма Veeve's Smart Cart забяспечвае карыстальніка індывідуальным QR-кодам, які захоўваецца ў яго тэлефоне і дапамагае імгненна апазнаць наведніка. Кожны тавар у «разумным» вазку дадаецца да рахунка. На выхадзе пакупнік падносіць свой тэлефон да сканера, і грошы спісваюцца аўтаматычна. У такім выпадку ў камунікацыі з персаналам няма патрэбы.

Некаторых хвалюе праблема захавання прыватнасці карыстальнікаў. Па меркаванні праваабаронцаў, павінны ўводзіцца законы, якія б забяспечвалі людзям ахову ад збору інфармацыі пра іх праз QR-коды.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?