Збіраем па каліву ў скарбонку беларускага гумару.

Ашмяншчына – каталіцкая старонка. Спецыфічны для Беларусі рэгіён, дзе ўсё прасякнута духам «лаціннікаў». Тут пануе свая культура, свае арыгінальныя звычаі. Тут не калядуюць, а валачобнічуюць, вітаюцца «пахвалёнкай», з недаверам глядзяць на прыбышоў, а яшчэ любяць з фанабэрыяй хваліцца адно перад адным (ці не засталася гэта звычка па тых ваколіцах ад прашчураў‑шляхцюкоў?)

З Ашмяншчыны паходзіла вялізарная колькасць беларускіх ксяндзоў‑адраджэнцаў: Язэп Германовіч (Вінцук Адважны), Адам Станкевіч, Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), а таксама слынны Уладзіслаў Чарняўскі і іншыя. Амаль кожны з іх быў творчай асобай, заслынуў калі не вершамі, то публіцыстыкай. Адсюль яны чэрпалі веру і паэтычны, летуценны погляд на свет. На жаль, моладзь на Ашмяншчыне ўсё больш робіцца «бээрсээмаўскай» і расейскамоўнай, але ад людзей сярэдняга пакалення яшчэ можна пачуць трапяткую, «салодкую» мову Багушэвіча.

На Ашмяншчыне ўсё адметнае, нават гумар, дзе рэлігійныя элементы моцна ўкараніліся, а слухач, каб «зразумець соль», павінен прынамсі крыху пазнаёміцца з «тутэйшай» культурай. Прапаную Вашай увазе некалькі показак, пачутых мною ў Жупранах:

Вярталася кабета
пешшу з местачковага фэсту дадому ў родную вёску. На паўдарозе схапіла яе пільная «патрэба». Балазе кусты пры дарозе. Залезла яна ў кусты, зрабіла, што натура патрабавала, але як папраўлялася, то заправіла сабе за падол спадніцу ў майткі і не заўважыла. Выйшла на дарогу і ідзе, галаву высока трымае, сцёгнамі калыша, вядома, з фэсту вяртаецца. Даганяе яе сусед на ровары і войкае: «А‑ёй, як жа гэта пані ідзе?» А кабеце ў галаве, што той з яе смяецца, бо яна так важна ідзе, як пава, дык яна яму і адказвае: «А чаго пан хоча? Як ахвяравалася ў касцеле перад ксяндзом, так і іду!»
Гадаваўся ўнук
дзядамі‑каталікамі. Пабываў у гасцях у іншых дзядоў‑праваслаўных, а тыя звадзілі яго ў царкву. Бабулька‑каталічка пытаецца ўнука вечарам пасля вяртання яго з гасцей: «А што ж ты там, дзетка, бачыў у той царкве?» «Папа барадатага бачыў,» – адказвае малы. «А што той поп казаў?» – не можа спатоліць цікавасць бабуля. «А ўсё, бабця, тваю карову Рабý ўспамінаў, а пра нашу Маліну ні слова не сказаў».
Прыйшла бабулька да ксяндза
на споведзь. Укленчыла перад спавядніцай і кажа: «У нядзелю да касцёла заўжды хадзіла, штодзённы пацеры адгаворвала, мяса ў пёнтак не ела, адзін грэх толькі маю!» — «Які ж гэта грэх?» – пытаецца святар. — «Пра ксяндза па завуголлях і суседзях пляткавала,» – адказвае бабулька. Ксёндз на тое кажа: «Лепей бы ты, бабулька, мяса ў пёнтак з’ела».
Адна дзяўчына не ўмела чытаць
па‑польску. Пачула ў касцёле словы ксяндза «Яко было на пачонтку», запомніла і вырашыла пахваліцца перад равеснікамі, што ўмее чытаць і гаварыць па‑польску. Прыйшла ў касцёл, стала пасярэдзіне, адкрыла кантычку дагары нагамі і нібы чытае «Яко была, яко была». А ззаду дзяцюк падлятае і кажа: «Раз ты кабыла, то хадзі павядзём цябе да цыганскага жарэбчыка».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?