Пра гэта паведамляе прэс-служба СК. Крымінальная справа была заведзена 24 снежня па матэрыялах ГУБАЗіК.

Паводле следства, кіраўнікі сярэдняга звяна МЗКЦ, Мінскага электратэхнічнага завода імя Казлова, Кавальскага завода цяжкіх штамповак, ААТ «БелАЗ — кіруючая кампанія холдынгу БелАЗ-холдынг» і МТЗ 22-23 снежня атрымалі ад прадстаўніка расійскага прадпрыемства ў якасці хабару грошы памерам ад 50 да 250 тысяч расійскіх рублёў (прыкладна ад 1700 да 8500 беларускіх) за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у іх кампетэнцыю.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, службовыя асобы атрымалі ўзнагароду за дзеянні, звязаныя з закупкамі беларускімі прадпрыемствамі прадукцыі, у тым ліку якая мае тэхнічныя адхіленні», — гаворыцца ў паведамленні ведамства.

Па крымінальнай справе былі затрыманыя сем супрацоўнікаў названых прадпрыемстваў. Усе яны прызналі факт атрымання грошай і супрацоўнічаюць са следствам. У цяперашні час да пяці з іх прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, да дваіх — заклад.