spring96.org

За правядзенне серый «цынічных» акцый у верасні-кастрычніку: размалёўванне прыпынкаў у Мастоўскім раёне, нанясенне на дрэвах БЧБ-сцягоў, развешванне на іх пудзілаў у міліцэйскай форме і размяшчэнне таблічак у выглядзе рытуальных надмагілляў, а таксама труны з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі, — Віктара Царыкевіча пазбавілі волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, у мужчыны канфіскавалі машыну. Справу разглядаў старшыня суда Мастоўскага раёна Віталь Сініла, піша spring96.org.

Працэс праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме, таму яго падрабязнасці невядомыя. На першы працэс не пусцілі нават у будынак суда праваабаронцу Аляксандра Вайцешыка, які планаваў ажыццяўляць маніторынг суда. Прычына — эпідэміялагічная сітуацыя ў сувязі з СОVID-19.

У чым абвінавацілі мужчыну?

Згодна з матэрыяламі справы, Віктар Царыкевіч у жніўні мінулага года размясціў у адным з тэлеграм-чатаў «непрыстойны, прыніжальны для гонару і годнасці каментар» пад фатаграфіяй старшыні Мастоўскага райвыканкама Юрыя Валеватага. Яго дзеянні кваліфікавалі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Санкцыя гэтай нормы не прадугледжвае пазбаўлення волі. 

Таксама паводле абвінавачвання, Віктар Царыкевіч у верасні-кастрычніку правёў цэлую серыю акцый, якія, на думку пракуратуры, «адрозніваліся па сваім змесце выключным цынізмам»:

— нанёс бел-чырвона-белыя лініі на дарозе паблізу вёсак Савінка, Заполле і аграгарадка Дубна Мастоўскага раёна;

— «павесіў пудзілы ў міліцэйскай форме і зрабіў надпісы» пад навесамі прыпынкаў «Мікелеўшчына», «Дубна» і «Чарлёна»;

— у лесе паміж горадам Масты і аграгарадком Масты Правыя намаляваў на 33 дрэвах БЧБ-сцягі, у полі расставіў таблічкі ў выглядзе рытуальных надмагілляў «з надпісамі, якія дэманструюць грэбаванне дзяржаўным ладам кіравання», а побач з таблічкамі паставіў труну з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі.

Гэтыя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства і злоснае хуліганства). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі да шасці гадоў.

Суддзя Сініла прызначыў жыхару Мастоў пакаранне — пазбаўленне волі тэрмінам на адзін год у калоніі агульнага рэжыму. Таксама па прысудзе суда ў Царыкевіча канфіскуюць яго аўтамабіль. Верагодна, як сродак здзяйснення злачынства па арт. 339 Крымінальнага кодэкса.