spring96.org

spring96.org

Блогер абвінавачваецца ў арганізацыі «незаконных грамадска-масавых мерапрыемствах» у некаторых гарадах Беларусі, у тым ліку мітынг у Гродне 29 мая, дзе затрымалі Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета, хаця ў гэты час сам Няронскі ўжо амаль месяц адбываў «суткі».

Таксама палітвязня абвінавачваюць ў публічнай абразе старшыні Слуцкага райвыканкама ў сваіх відэароліках на ютуб-канале «Слуцк для жизни». Справу разглядае старшыня суда Лагойскага раёна Аляксандр Рыбакоў, паведамляе spring96.org.

Паводле артыкула 369 КК віну Уладзімір Няронскі прызнаў цалкам. Віна даказваецца не толькі паказаннямі палітвязня, але і размешчанымі ў інтэрнэце, а таксама выдаленымі відэаролікамі «Слуцк для жизни», па якіх была праведзена лінгвістычная экспертыза, якая пацвердзіла негатыўную ацэнку старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага не толькі ў змесце, але і назве аднаго з ролікаў, аглядам яго тэлефона, паказаннямі пацярпелага Янчэўскага, які заявіў, што выказванні ў роліках Няронскага прынізілі яго гонар і годнасць.

На думку дзяржабвінаваўцы, віна Няронскага даказаная і па ч. 1 арт. 342 КК. Пракурор заявіў, што ў роліках Няронскага маюцца публічныя заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у Слуцку, Мазыры, Брэсце, Бабруйску.

Паводле абвінавачання, Уладзімір Няронскі ў роліках крытычна выказваўся наконт уладаў, «пратэставаў супраць дзейснай улады», яго ролікі маюць апазіцыйную накіраванасць. Віна Няронскага пацвярджаецца словамі Няронскага з ролікаў: «Ці не прасцей выйсці на плошчу? Не бойцеся міліцыі са шчытамі! Плюйце ў іх», «Плошчы быць! Мільён адсоткаў!» «Рэвалюцыя заўсёды так рабілася. Будуць ахвяры», «Чыноўнікі робяць сапраўдны генацыд супраць людзей» і іншымі. Пракурор у спрэчках працытаваў у якасці доказу ягонай віны яшчэ дзясяткі выразаў з ролікаў «Слуцк для жизни».

Таксама, на думку пракурора, даказаныя і сувязі яго з Ціханоўскім і Статкевічам: першы стварыў яму акаўнт, а тэлефон другога быў знойдзены ў запісной кніжцы Няронскага. Таксама пра сувязі з Ціханоўскім пракурор прыводзіць факт, што ў паездкі па гарадах яны ездзілі разам і сядзелі ў адной машыне побач, пра што сведчыць адзін з ролікаў «Слуцк для жизни», дзе Няронскі кажа, што «Толькі рэвалюцыя выратуе».

Таксама дзяржабвінаваўца падкрэсліў, што ў Няронскага быў палітычны вопыт: ён балатаваўся раней у дэпутаты.

Ляўковіч лічыць, што Уладзімір Няронскі здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 1 арт. 342 КК, групай асоб [з Статкевічам і Ціханоўскім] па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці.

У выніку, дзяржабвінаваўца запрасіў у суда пакаранне для Уладзіміра Няронскага ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0