Меркаванае месца трагедыі знаходзіцца на адлегласці ў 175 км ад архіпелага Сан-Паулу-і-Сан-Педру. Бразільскія і французскія вайскоўцы выправіліся на пошукі «чорных скрыняў».

Металічныя абломкі і крэслы, знойдзеныя ў Атлантычным акіяне ВПС Бразіліі ў аўторак, належаць знікламу ў ноч на панядзелак Airbus 330-203 авіякампаніі «Air France», які выконваў рэйс Рыа-дэ-Жанэйра-Парыж. Пра гэта афіцыйна паведаміў міністр абароны Бразіліі Нэлсан Жобім. Абломкі самалёту былі знойдзеныя ў аўторак 2 чэрвеня на адлегласці ў 175 км ад архіпелага Сан-Паулу-і-Сан-Педру. Па словах вайскоўцаў, яны дрэйфуюць «плямай» дыяметрам амаль 5 кіламетраў.

На месца катастрофы накіраваліся бразільскія і французскія вайскоўцы. Яны будуць шукаць «чорныя скрыні» ды выцягваць абломкі самалёту.

Следства разглядае самыя розныя прычыны здарэння: ад прыродных, да памылкі пілотаў і тэракту.

Так, паводле некаторых звестак, за некалькі дзён да катастрофы авіякампанія «Air France» атрымала ананімнае папярэджанне пра закладзеную на адзін з самалётаў кампаніі бомбу.
Той рэйс адклалі, але бомбу не знайшлі. Перад катастрофай экіпаж зніклага A330-203 сігналаў бедства не перадаваў, але дыспетчар авіякампаніі зафіксаваў аўтаматычнае паведамленне рэйса AF 447 пра адмову практычна ўсіх сістэм лайнера.

Нагадаем, што авіялайнер Airbus A330-203 авіякампаніі «Air France» знік над Атлантыкай у ноч на панядзелак. На ягоным борце знаходзіліся прадстаўнікі 32 нацый — усяго 228 чалавек, у тым ліку сем дзяцей і адно немаўля.

Паводле Газета.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0