Жыхар вёскі Хорск Столінскага раёна Міхаіл Прыко лічыць спектаклем будучы VI Усебеларускі народны сход. Але, каб прадставіць там пункт гледжання, альтэрнатыўны афіцыйнаму, пажадаў узяць у ім удзел. І накіраваў у Столінскі райвыканкам зварот з просьбай растлумачыць яму парадак абрання дэлегатаў, піша media-polesye.by.

Прасіў адказаць яму на працягу 5 дзён, паколькі да даты правядзення форуму заставалася зусім няшмат часу.

Адказ прыйшоў праз 2 тыдні.

У ім гаворыцца, што паводле квоты Брэсцкага абласнога арганізацыйнага камітэта, Столінскі раён на Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўляць 16 чалавек.

Спіс кандыдатаў з ліку дэпутатаў мясцовых саветаў вызначылі на сумесным пасяджэнні аргкамітэта і Прэзідыума Столінскага раённага Савета дэпутатаў 28 снежня 2020 года, а 5 студзеня 2021 года зацвердзілі на сесіі райсавета.

На пасяджэнні аргкамітэта, гаворыцца ў адказе, таксама абмеркавалі кандыдатуры, якія выстаўляюцца ад грамадскіх аб'яднанняў колькасцю не менш за 100 тысяч сяброў. Яны прадстаўленыя на зацвярджэнне на пасяджэннях кіруючых органаў рэспубліканскага ўзроўню.

Такім чынам, дэлегаваць Міхаіла Прыко на Усебеларускі народны сход не ўяўляецца магчымым.

Столінскі райвыканкам рэкамендаваў Міхаілу ўзяць удзел у працы дыялогавых пляцовак і грамадскіх прыёмных, чытаць раённую газету, а за актуальнай інфармацыяй аб сходзе сачыць на афіцыйным сайце і ў сацыяльных сетках.

— Беглі наперадзе паравоза, — пракаментаваў Міхаіл Прыко дзеянні Столінскага райвыканкама і Савета дэпутатаў. — Указ Лукашэнкі аб скліканні Усебеларускага сходу падпісаны 28 снежня 2020 года. І ў гэты ж дзень у Століне вызначыліся з кандыдатамі ў дэлегаты. Прычым, поўны спіс дэлегатаў да гэтага часу не апублікаваны. Вядомыя толькі некалькі прозвішчаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0