Надзея Калініна. Архіўнае фота Надзеі Бужан

Надзея Калініна. Архіўнае фота Надзеі Бужан

Надзею забралі ў РУУС, але яе адваката туды не пусцілі. У судзе стала вядома, што на журналістку склалі два пратаколы: за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (паўторна на працягу года) і за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі.

Журналістка паспела перадаць адвакату, што ўтрымліваецца ў камеры на пяць чалавек, дзе з ёй 12 жанчын. Перадачы, у тым ліку бялізну і сродкі гігіены, ні для каго не прымаюць.

Справу разглядае суддзя Таццяна Шоцік. Надзея знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна, сувязь з ёй — праз скайп. Яна паспела паведаміць, што восем разоў прасіла супрацоўнікаў міліцыі дапусціць да яе адваката, які 29 студзеня прыязджаў у Ленінскае РУУС, аднак права на абарону было парушана. Гэта Калініна адзначыла і ў пратаколе. Акрамя таго, журналіст распавяла адвакату, ужо ў судзе, што дрэнна сябе адчувае, абвастрылася мігрэнь, у камеры на пяць чалавек утрымліваюць 12 жанчын.

У судовым працэсе перапынак да 14:15, адвакат знаёміцца з матэрыяламі справы.

Надзею Калініну абвінавачваюць па двух артыкулах КаАП: удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве проста ў ДК «Камволь», дзе праходзіў з'езд дэлегатаў, у якім удзельнічалі топ-палітыкі: Марыяна Шчоткіна, Наталля Качанава, Андрэй Савіных і іншыя. А таксама ў непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўніка міліцыі.

Раней Надзею Калініну ўжо судзілі нібыта за ўдзел у акцыі, калі яна працавала на шэсці студэнтаў, тады яна атрымала трое сутак арышту.

Паводле пратакола, 29 студзеня каля 15:50 на законныя і аднаразовыя патрабаванні супрацоўніка міліцыі аказвала непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі падчас несанкцыянаванага пікетавання. Таксама яна нібыта пікетавала каля 16 гадзін з мэтай публічнага выказвання патрабавання правесці ў Беларусі сумленныя выбары, выкрыквала «правакацыйныя лозунгі» каля праезнай часткі.

— Я віну не прызнаю, - сказала Калініна.

Яна распавядае, што нічога з пазначанага ў пратаколе, акрамя адраса, не адпавядае рэчаіснасці. Надзея кажа, што па заданні рэдакцыі прыехала зарэгістравацца і асвятляць з'езд дэлегатаў УНС у Мінскі гарадскі дом культуры. Ахоўнік правяраў дакументы і запрашальныя. Калініна паказала бэйдж «прэса» і прадставілася журналістам.

Спытала, ці можа яна трапіць на сход і асвятляць мерапрыемства. Ёй адказалі, што яна не зарэгістраваная, таму нельга. Тады журналістка спытала, ці можна зарэгістравацца, кансьерж сказаў пачакаць. Надзея чакала ў холе, яна ўспамінае, што за гэты час міма яе прайшлі дзясяткі чалавек, у тым ліку Арцём Цуран, Наталля Качанава, Мар'яна Шчоткіна і Андрэй Савіных.

— «Я вас папрашу пакінуць памяшканне», - сказаў мне потым ахоўнік-кансьерж. Як толькі я адкрыла дзверы на выхад, то пачула, што хтосьці бяжыць ззаду. … Гэта былі супрацоўнікі ў чорным, яны перакрылі мне дарогу. … Мяне правялі ў шэры мікрааўтобус, пасадзілі ў яго і павезлі. Ніхто не прадстаўляўся і не пытаўся прычын, чаму я там знаходжуся, у тым ліку на працягу некалькіх гадзін, калі я знаходзілася ў Ленінскім РУУС — — цытуе словы Калінінай БАЖ.

Калініна папрасіла выклікаць у суд Качанаву, Савіных і Шчоткіну. Па словах журналісткі, яны бачылі яе і могуць пацвердзіць — ніякага пікету яна не ладзіла.

У судзе пачаў даваць тлумачэнні сведка Шымановіч (гэта несапраўднае прозвішча), сувязь нестабільная, з-за чаго даводзіцца перарываць працэс. Ён заявіў, што 29 студзеня нёс службу па ахове грамадскага парадку ў раёне вуліцы Маякоўскага. Убачыў, як жанчына (як потым будзе ўстаноўлена — Калініна) пікетавала ўздоўж праезнай часткі, выкрыквала лозунг «Жыве Беларусь!», на неаднаразовыя заўвагі не рэагавала. Пасля чаго яе затрымалі супрацоўнікі спецпадраздзялення, супраціву яна не аказвала.

Заява сведкі не супадае з данымі, названымі ў пратаколе: па-першае, не супадае месца «пікету» — уздоўж дарогі па пратаколе і праезная частка дарогі, па тлумачэннях Шымановіча; па-другое, лозунг: па пратаколе гэта быў лозунг «За сумленныя выбары», па словах міліцыянта — «Жыве Беларусь»; па-трэцяе, згодна з пратаколам, Калініна аказвала супраціў пры затрыманні, а сведка паказаў, што супраціву з боку Калінінай не было.

Пазней міліцыянт змяніў свае тлумачэнні, заявіў, што Калініна ўсё ж стаяла ўздоўж дарогі, тварам да праезнай часткі, і выкрыквала правакацыйныя лозунгі — «Жыве Беларусь!».

У судзе дала тлумачэнні рэдактар палітыка-эканамічнага блока партала Tut.by Вольга Лойка. Яна патлумачыла, што 29 студзеня а 15.15 дала заданне Надзеі Калінінай падрыхтаваць рэпартаж са з'езду мінскіх дэлегатаў УНС. Калініна ўзяла таксі ад вуліцы Танка да вуліцы Маякоўскага, у 15.40 ужо была на месцы, напісала рэдактару, што на ўваходзе ў ДК правяраюць запрашальныя ўдзельнікаў, папярэдзіла, што будзе паказваць ахове журналісцкае пасведчанне і паспрабуе акрэдытавацца на месцы. У 16.15 Вользе патэлефанавала сяброўка Надзеі, якая паведаміла, што атрымала SOS-паведамленне, якое журналісты адпраўляюць на выпадак затрымання.

Таксама ў судзе апыталі журналіста Tut.by Алену Талкачову, якая аператыўна прыбыла ў Ленінскае РУУС, як толькі стала вядома, што там утрымліваюць Надзею. Алена паведаміла, што дзяжурны супрацоўнік міліцыі пацвердзіў, што «Калініна затрыманая і знаходзіцца ў нас», адваката да затрыманай не пусцілі, хоць права на абарону гарантаванае Канстытуцыяй, адвакат Валерый Зінкевіч у сувязі з гэтым пакінуў скаргу ў РУУС.

Надзея Калініна пастаянна зазначае што не чуе, што кажуць удзельнікі працэсу. У зале судовага паседжання ўсталяваныя мікрафоны, але калі адвакат паспрабаваў гаварыць у мікрафон, суддзя зрабіла заўвагу:

- Мікрафон ня прызначаны для ўзмацнення вашага голасу. Вы можаце казаць гучней або падысці (да манітора, па якім ўсталяваная відэасувязь з Калінінай).

Таксама адвакат пацікавіўся, як пасучваецца Надзея. Яна паказала, што ў яе тахікардыя, быў востры прыступ мігрэні, які дапамагла купіраваць медсястра на Акрэсціна: зрабілі ўкол. У камеры на 5 чалавек знаходзяцца 12, не хапае кіслароду. Дзве ночы журналістка спала на падлозе на сваёй куртцы. У камеры шмат пенсіянерак, яны таксама вымушаныя спаць на падлозе, пастаянна ўключанае святло. Адзін дзень без перапынку гучна грала музыка-гэта магло справакаваць прыступ мігрэні, лічыць Надзея. Умовы яна называе «далёкімі ад нармальных». Суддзя спыніла адваката, калі ён паспрабаваў удакладніць яшчэ дэталі ўтрымання, Шоцік заявіла, што да гэтага працэсу гэта дачынення не мае.

Дапоўнена: Журналістку Tut.by Надзею Калініну пакуль што вызваляць.

Суд прыйшоў да высновы, што трэба папрасіць відэа затрымання Калінінай у мінскім гарадскім доме культуры, дзе яе схапілі, а пасля працягнуць пасяджэнне. Але паколькі з моманту затрымання ўжо прайшлі трое сутак, журналістку павінны адпусціць.

Чытайце таксама: Настаўніца малодшых класаў, сабачніца, ведае італьянскую. Расказваем пра журналістку Надзею Калініну, якая зноў трапіла на Акрэсціна за сваю працу

«Давайце пагаворым пра чалавечнасць». Рэдактарка Tut.by звярнулася да кіраўнікоў галіны аховы здароўя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0