Я жыхар адносна невялікага гарадка. Ужо некалькі год зьяўляюся прыхільнікам дэмакратычных пераменаў у нашай краіне. Дагэтуль быў проста грамадзкім актывістам, не належаў да розных рухаў ды партыяў, тым больш у нашым горадзе іх фактычна не існуе – няма дзейнасьці, ініцыятывы, толькі сотні актывістаў на паперы.

Актыўна браў удзел у сакавіцкіх падзеях у Менску. Там, дарэчы, 25 сакавіка ўпершыню пачуў пра наваствораны рух, аб якім прамаўляў спадар Мілінкевіч. Вось, падумаў тады я, гэта мне патрэбна. Канечне, быў сумнеў, ці будзе гэта ў рэчаіснасьці працаваць, аднак той настрой Вясны-2006, тыя людзі вакол мяне... І вось я ўжо сярод тых, хто запісаўся некалькі хвілінаў таму ў рух «За Свабоду». Была надзея, што замест папяровых партыяў, замест пустых размоваў ды сварак аднаго з адным у Беларусі паўстане нешта сур’ёзнае, пераможнае. Мы разам будзем працаваць дзеля Свабоды, дзеля будучыні нашых нашчадкаў...

Некалькі дзён таму радыё «Свабода» прэзэнтавала кнігу «Плошча» – акурат сто дзён таму Вясна прыйшла на вуліцы Менску, сто дзён таму я запісаўся ў актывісты «За Свабоду».

Што маю я? Ніякай падтрымкі зь Менску, ніводнай улёткі, якая, пэўна, разьлічана на апалітычных людзей, я нават сам ня бачыў. Нашыя мясцовыя актывісты, адказныя за функцыянаваньне руху, не зрабілі ніводнага кроку. У нашым горадзе нічога б і не рабілася, калі б ня моладзь. Толькі яны, за свае грошы, нешта друкуюць, ладзяць акцыі, флэш-мобы. А ў Менску зноў пустыя размовы. 3 месяцы ідзе дыскусія сярод дэмакратычных лідэраў, ці мэтазгодна гэта рабіць, а на справе людзі, якія ірвуцца працаваць, марна губляюць час. Я сам ня маю магчымасьці друкаваць улёткі вялікім накладам, але 200 ці 300 асобнікаў штотыдзень распаўсюджваю. Дык які сэнс быў запісвацца? Мілінкевіч кажа, што мы даможамся празрыстых выбараў да 2007 году. А 100 дзён ужо згубілі... Паважаная дэмакратычная рада, больш увагі і падтрымкі справай, а ня словам рэгіёнам! Ці будзем чакаць выбараў 2011 ці рэфэрэндуму па аб’яднаньні з Расеяй?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?