Інфраструктура каля гістарычнага аб'екта была створана яшчэ да моцных снегападаў. І вось зусім нядаўна дзверы расчыніў візіт-цэнтр, які знаходзіцца ў некаторым аддаленні ад Гальшанскага замка, піша Звязда.

Інфармацыйны пункт уяўляе сабой два невялікія будынкі — адміністрацыйны, найбольш цікавы для турыстаў, і санітарны.

У візіт-цэнтры можна даведацца не толькі аб Гальшанскім замку і самім мястэчку Гальшаны, але і аб цікавых гістарычных аб’ектах раёна.

— У галоўным будынку будуць размяшчацца экскурсаводы, куратары і іншыя супрацоўнікі музея, — тлумачыць Сяргей Жылік, метадыст Ашмянскага раённага цэнтра культуры. — Цяпер тут абсталявана зона рэсэпшн і наладжаны продаж сувенірнай прадукцыі, але цэнтрам залы з’яўляецца інфа-панэль, якая дазваляе здзейсніць віртуальнае падарожжа па Ашмянскім раёне.

Пакуль спецыяльны электронны кіёск запоўнены інфармацыяй толькі напалову. Тым не менш, выкарыстоўваючы панэль як планшэт, можна знайсці поўныя звесткі аб гісторыка-культурнай спадчыне рэгіёна: галоўных турыстычных аб’ектах, важных гістарычных асобах, унікальных прыродных маршрутах.

Акрамя славутасцяў, інфакіёск распавядае аб гасцініцах, грамадскіх пунктах харчавання і аграсядзібах Ашмяншчыны, у якіх можа спыніцца кожны ахвотны падарожнік.

У сувенірнай краме, размешчанай тамсама, можна набыць унікальныя гліняныя вырабы, зробленыя мясцовымі майстрамі. У іх творах адлюстроўваюцца сюжэты, рамантызаваныя ў беларускай літаратуры. Тут і Чорны манах, і аблічча Соф’і Гальшанскай.

Дарэчы, каля гістарычнага аб'екта цалкам добраўпарадкавана прыпалацавая тэрыторыя з вялікай аўтамабільнай стаянкай, а таксама выкананы мантаж вонкавага асвятлення, усталявана падсвятленне і відэаназіранне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0