Аляксандр Лукашэнка 1 лютага падпісаў указ №37, якім карэктуецца ўказ №493 ад 16 кастрычніка 2014 года «Аб развіцці безнаяўных разлікаў».

Дакументам прадугледжаны дзве асноўныя змены.

Першая тычыцца гранічнага памеру плацяжу (сумы плацяжоў у сукупнасці) наяўнымі грашовымі сродкамі за тавары (работы, паслугі), якія рэалізуюцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі фізічным асобам у рамках адной здзелкі. Гэты памер зніжаны з 1 тысячы базавых велічынь да 500 базавых велічынь (або ў пераліку з 29 тысяч да 14,5 тысячы). Адпаведная норма ўступіць у сілу праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання ўказа.

Другое змяненне адносіцца да сферы падаткаабкладання. Даходы фізічных асоб, выплачаныя банкамі Беларусі ў выглядзе працэнтаў ад сумы аплаты тавараў (работ, паслуг) пры выкарыстанні картак, сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання, не прызнаюцца аб'ектам падаткаабкладання, але толькі калі гэтыя даходы не перавышаюць 2% ад сумы такой аплаты. Дадзеная норма распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2021 года, і будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2026 года.

Такім чынам, падаўжаецца льгота па выплаце падаходнага падатку з кэшбэка (ці, як яго яшчэ называюць, манібэка), устаноўленая раней указам №493 «Аб развіцці безнаяўных разлікаў».