Фота Depositphotos.com
YesCymru — беспартыйны палітычны рух за незалежны Уэльс. У студзені 2020 рух налічваў каля 2000 удзельнікаў, але цяпер гэта лічба вырасла да 17 000, а 25 000 жыхароў абяцаюць падтрымаць рэферэндум па выхадзе Уэльса са Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, піша The Telegraph.
Нягледзячы на жаданне выйсці са складу Вялікабрытаніі, старшыня YesCymru Сіон Джобінс пераконвае, што валійцам насамрэч падабаецца брытанская культура, але з разнастайнасцю стрымінгавых платформ на сёння няма неабходнасці заставацца часткай Злучанага Каралеўства, каб мець доступ да англамоўнай прасторы.
«Мы глядзім YouTube, Amazon і Netflix. Усё гэта знішчае культурны разрыў», — сцвярджае ён.
Валійскія знакамітасці, у тым ліку спявачка Шарлота Чорч і сцэнарыст Расэл Дэйвіс, нядаўна выступілі за незалежнасць Уэльса. Актор Майкл Шын у адным з інтэрв’ю адзначыў: «Уэльсу патрэбна свабода выбару ў пытанні незалежнасці».
Нядаўнія апытанні паказалі, што людзі пажылога ўзросту скептычна ставяцца да ідэі незалежнасці Уэльса, у той час як 50% моладзі падтрымліваюць гэты рух. Справа ў тым, што маладое пакаленне не бачыць ніякай выгады ад цэнтральнага ўрада. У той жа час людзі, якія нарадзіліся ў 40-х ці 50-х, у свой час атрымлівалі жытло, бясплатную адукацыю, медыцыну або дапамогу па беспрацоўі, сцвярджае Сіон Джобінс.
Згодна з апытаннямі грамадскай думкі валійцаў, за апошнія два гады назіраецца рост падтрымкі ідэі выхаду Уэльса з Вялікабрытаніі, але такіх людзей усё роўна меншасць. Прыкладна 26% прагаласавалі б за незалежнасць сёння ў параўнанні з ранейшымі 15%.
Аднак імкненне Шатландыі і Паўночнай Ірландыі да незалежнасці, а таксама тое, як урад Вялікабрытаніі разбіраецца з Брэкзітам і пандэміяй, падмацоўваюць сепаратысцкія настроі і ў Уэльсе.