Як можна забараніць сцяг, за якім — стагоддзі гісторыі? Пры чым тут нейкія немцы, пры чым паліцаі? Упершыню бел-чырвона-белы сцяг з’явіўся на гравюры 1444 года! На той гравюры — бітва з туркамі пад Варнай, у якой таксама ўдзельнічалі войскі ВКЛ. Бел-чырвона-белыя сцягі масава паказаны на славутай карціне «Бітва пад Оршай 1514 года». У 1917-м, яшчэ да абвяшчэння БНР, вайскоўцы-беларусы былой царскай арміі ўпрыгожвалі свае мундзіры бел-чырвона-белымі стужкамі і значкамі. Таму Клаўдзій Дуж-Душэўскі ў 1918-м, ствараючы сцяг для БНР, нічога не выдумляў, ён проста ўзяў правераны стагоддзямі сімвал. Помню, як у 1990 годзе ў Полацку ўладыка Філарэт па нашай просьбе ўрачыста асвяціў бел-чырвона-белы сцяг, які праз год стаў дзяржаўным. Бел-чырвона-белыя палоскі, якія сімвалізуюць кроў Хрыста, абавязкова прысутнічаюць на епіскапскім аблачэнні. Дык што, Генеральная пракуратура цяпер і Хрыста будзе судзіць?!» — сказаў ён.