Яшчэ 10 верасня Марыя падавала заяву аб распачынанні крымінальнай справы, называючы ўсе імёны і пасады людзей, якія арганізавалі яе выкраданне, пагражалі ёй і сілком спрабавалі вывезці з Беларусі.

Следчы камітэт вырашыў не разглядаць заяву Марыі, а перадаў яе ў Міністэрства ўнутраных спраў. МУС адмовіла ў завядзенні крымінальнай справы.

Калеснікава абураецца тым, што рашэнне аб завядзенні справы дэманстратыўна перадалі Міністэрству, на кіраўнікоў якога яна скардзілася.

«27 студзеня я атрымала адмову ў завядзенні крымінальнай справы. Здзіўленая я? О, не! Там, у кабінеце Карпянкова, спадары Казакевіч і Паўлючэнка ва ўсіх падрабязнасцях распавялі, што мяне чакае, калі я не пакіну краіну: СІЗА, турмы, зневажальныя дагляды, падарванае здароўе, забыццё. Я забуду пра кнігі (Харары, Хокінг, чао!), пра музыку таксама, бо мне пераламаюць пальцы, праз месяц пра мяне ўсе забудуць. 25 гадоў у калоніі, дзе я буду яму (Казакевічу) форму шыць, якую ён будзе апранаць па асаблівых нагодах. Так што не, не здзіўленая.

Я буду далей звяртацца ў Генеральную пракуратуру, у суд, а вы можаце яшчэ хоць 10 спраў на мяне завесці. Вас гэта ўжо не ўратуе. Вы гэта зрабілі — вы гэта ведаеце, я ведаю, вашы міністры ведаюць, кіраўнік дзяржавы ведае, калегі ведаюць, сведкі (а іх нямала), вашы дзеці ведаюць, жонкі, вашы бацькі, сябры і блізкія. Вы гэта зрабілі!» — адзначыла Марыя Калеснікава.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?