Су Чжы спадзявалася на вельмі паступовы працэс трансфармацыі. Фота Ройтэрз

Аун Сан Су Чжы — дачка лідара руху за незалежнасць М'янмы, заснавальніка ўзброеных сіл краіны Аун Сана.

Ён быў лідарам барацьбы краіны за незалежнасць ад Брытанскай імперыі. Аун Сан быў забіты ў 1947 годзе, за паўгода да таго, як М’янма здабыла незалежнасць у 1948-м. Хто стаяў за забойствам, дагэтуль дакладна не высветлена.

Су Чжы вучылася ў Оксфардскім універсітэце, а пасля вярнулася на радзіму ў 1980-х. У Англіі яна выйшла замуж за брытанца Майкла Эйрыса. Менавіта дачка легендарнага дзеяча нацыянальнага адраджэння стала сімвалічнай постаццю паўстання 1988 года супраць вайсковай дыктатуры ў краіне. Су Чжы заснавала Нацыянальную лігу за дэмакратыю — партыю, якая перамагла на першых жа свабодных выбарах 1990 года. Але вайскоўцы адмовіліся прызнаць вынікі галасавання. 

Пасля гэтага Су Чжы 15 гадоў правяла пад хатнім арыштам. У 1995 годзе ёй забаранілі бачыцца са сваімі сынамі і мужам нават пасля таго, калі ў Майкла Эйрыса дыягнаставалі рак.

Рашучая барацьба Су Чжы за дэмакратыю і правы чалавека ў сваёй краіне зрабіла яе вядомай ва ўсім свеце. У 1991 годзе Су Чжы атрымала Нобелеўскую прэмію міру. Су Чжы стала настолькі папулярнай, што французскі рэжысёр Люк Бесон у 2011 годзе зняў біяграфічны фільм пра яе жыццё. Яе часта называлі самым вядомым палітвязнем у свеце.

Су Чжы заўсёды ўплятае ў валасы свежыя кветкі са свайго саду.

Пасля былі новыя хвалі пратэстаў, а М'янма пад уладай сілавікоў адставала ў сваім развіцці настолькі, што ў пачатку 2010-х у краіне яшчэ не было мабільнай сувязі.

Разуменне гэтага адставання прыйшло і да генералаў. У 2011 годзе яны самі распачалі працэс паступовай дэмакратызацыі. Су Чжы выйшла на свабоду, генералы пачалі з ёй гаварыць. Гэта быў перыяд кіравання Барака Абамы. Аптымісты былі натхнёныя.

Пасля пераходнага перыяду, у 2012 годзе Су Чжы нарэшце дазволілі ўзяць удзел у свабодных выбарах. Яе партыя зноў разгромна перамагла сілы старога рэжыму. Пасля выбараў у 2015 годзе Су Чжы фактычна стала лідаркай краіны, але афіцыйна з’яўлялася міністаркай замежных спраў і дзяржаўнай дарадцай — пасада, аналагічная пасадзе прэм’ер-міністра. У той жа час вайскоўцы навязалі пункт у Канстытуцыі, які блакаваў Су Чжы шлях у прэзідэнты: «Прэзідэнтам не можа быць асоба, блізкія сваякі якой маюць замежнае грамадзянства». А дзеці Су Чжы атрымалі па бацьку грамадзянства Брытаніі.

Вайскоўцы прызналі паразу на выбарах 2015 года, але ў М'янме захавалася дзіўнае двоеўладдзе. Вайскоўцы згодна з Канстытуцыяй атрымлівалі чвэрць месцаў у парламенце і запіс у Канстытуцыі, што змены ў Канстытуцыі можна ўнесці толькі 80 працэнтамі галасоў. Акрамя таго, вайскоўцы атрымалі права самі вызначаць кандыдатуры міністраў абароны і ўнутраных спраў. Такім чынам, вайскоўцы атрымлівалі кантрольны пакет. 

Сілавікі ў М'янме сталі дзяржавай у дзяржаве, з уласнымі інтарэсамі, свайго роду асобнай кастай.

Менавіта вайскоўцы падлілі алею ў агонь этнічнага канфлікту. Мусульмане рахінджа былі пазбаўленыя грамадзянства ўрадам М’янмы яшчэ ў 1982 годзе. Гэта даўні канфлікт: бенгальцаў рахінджа перасялялі ў М'янму для працы на плантацыях брытанскія каланізатары, гэта прывяло да спрэчак за зямлю. У 2016 годзе, пасля прыходу Су Чжы ва ўрад, процістаянне спалахнула з новай сілай. Тысячы людзей загінулі, сотні тысяч былі вымушаныя выехаць. Ісламскія краіны называюць сітуацыю генацыдам.

Тут трэба зрабіць адступленне. М'янма — шматэтнічная краіна, многія меншасці патрабуюць калі не незалежнасці, то аўтаноміі. Выключны ўплыў арміі тлумачыцца гэтым станам заўсёднай этнічнай напружанасці. Армія сцвярджае, што без моцнай цэнтральнай улады, без кантролю сілавікоў краіна рассыплецца. Су Чжы таксама абапіраецца на бірманскіх нацыяналістаў, але імкнецца трымацца цэнтрысцкага курсу ў многіх пытаннях, у тым ліку і з рахінджа яна спрабавала лавіраваць між чаканнямі будысцкай большасці і правамі мусульманскай меншасці. І не ўваходзіць у канфлікт з вайскоўцамі. Су Чжы спадзявалася на паступовы працэс далейшай трансфармацыі.

Сцяг Саюза М'янмы. Фота Deposiphotos.com

У 2016 годзе Су Чжы стварыла камісію па расследаванні заяў аб зверствах супраць рахінджа. Пры гэтым Су Чжы абвінаваціла рахінджа ў дэзынфармацыі і заявіла, што занепакоеная тэрарыстычнай пагрозай, што сыходзіць ад мусульманскіх экстрэмістаў. Такая дваістасць яе пазіцыі ў адносінах да рахінджа падарвалі яе рэпутацыю ў свеце як змагаркі за правы чалавека.

Аднак, як паказалі апошнія выбары, будысцкая большасць у М’янме высока ацаніла пазіцыю Су Чжы і яе палітыку. Яе партыя зноў разгромна перамагла праармейскія сілы.

Аднак гэтым разам здарылася зусім іншае, чым у 2015 годзе. Партыя салідарнасці і развіцця саюза, якая падтрымлівае вайскоўцаў, заявіла пра фальсіфікацыі і запатрабавала перавыбараў. Су Чжы не пайшла на такое. Тады 1 лютага 2021 года, у дзень, калі новы парламент мусіў прызначыць урад, вайскоўцы арыштавалі Су Чжы і яе паплечнікаў. Яе саюзнік, прэзідэнт М’янмы Він М’ін, — адзіны чалавек, які мае канстытуцыйнае права абвяшчаць або адмяняць надзвычайнае становішча ў дзяржаве. Але яго арыштавалі разам з Су Чжы. Такі класічны вайсковы пераварот у духу ХХ стагоддзя.

Вайскоўцы аб’явілі надзвычайнае становішча ў краіне на год, аднак колькі можа доўжыцца гэты год?

Чытайце таксама: 
«Незаконныя партатыўныя рацыі»: зрынутым лідарам М'янмы выставілі абвінавачванні

75-гадовая Су Чжы вядомая сваёй упартасцю і цярплівасцю. Вось ужо 35 гадоў як яна працягвае барацьбу за дэмакратыю. Аднак гэтая барацьба ўсё яшчэ далёкая да канца. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?