Раней мы апісвалі гаротны стан жлобінскага Беларускага металургічнага завода, якому цягам года трэба недзе знайсці 3,6 мільярда рублёў, каб разлічыцца па даўгах і крэдытах. 

Чытайце: БМЗ пагражае дэфолт, які можа выклікаць ланцуговую рэакцыю

Частку выплат неабходна было рабіць ужо ў лютым. І ўлады прыйшлі на дапамогу БМЗ: на сайце рэспубліканскага цэнтральнага дэпазітарыя каштоўных папер з'явілася інфармацыя аб валютных аблігацыях Мінфіна, якія выпусцілі за два дні — 28 і 29 студзеня. Сума аблігацый — 619 мільёнаў долараў. 

Ёсць падставы думаць, што згаданыя аблігацыі выкупленыя вялікімі беларускімі банкамі ў якасці пагашэння часткі доўгу БМЗ. 

Што гэта значыць? 

Натуральна, што праблема неплацежаздольнага БМЗ — гэта праблема банкаў, бо банк дае ў крэдыт чужыя сродкі. У адных бярэ — іншым аддае. 

Калі БМЗ збанкрутаваў бы, то пацярпелі б тыя людзі і фірмы, якія трымаюць свае сродкі ў банку-крэдытору. Такая сітуацыя даволі тыповая для беларускай эканомікі, калі на банкі навешвалі правальныя вытворчасці, а банкі праз нейкі час «ішлі» скардзіцца ўраду, што самі лягуць з такімі кліентамі. 

Часта такую сітуацыю вырашалі банальнай эмісіяй, але цяпер яна палітычна рызыкоўная. 

Таму вось як тлумачаць сэнс выпуску аблігацый Мінфіна знаёмыя з сітуацыяй: 

«Банкі прымусілі выкупіць валютныя аблігацыі Мінфіна, гэта форма «бюджэтнай пазыкі» — дзяржава прыцягнула грошы ад банкаў, і гэтыя грошы дала БМЗ, а яны адразу ж вярнуліся назад, бо імі закрылі частку абавязкаў. 

Цяпер галоўнае пытанне, што гэта азначае на побытавым узроўні? Ваганні курса ўжо адбыліся. Тое павышэнне курса долара, якое мы назіралі апошнія дні, звязанае з тым, што банкі збіралі неабходныя сумы каб выкупіць аблігацыі, праз гэта павялічваўся попыт і тыдзень трымаўся ціск на валютны рынак», — тлумачаць крыніцы. 

«На рынку няма столькі валюты, таму, імаверна, Нацбанк вымушаны быў адкаркаваць рэзервы. Нешта банкі купілі, нешта аддалі са сваіх грошай. 

У сухой рэшце мы маем такую карціну: па рахунках БМЗ разлічваецца Мінфін, гэта значыць — дзяржава. Квазідзяржаўны доўг стаў дзяржаўным. 

А новая справаздачнасць пакажа нам, што вырас дзяржаўны доўг і знізіліся золатавалютныя рэзервы», — дадае крыніца з банкаўскага сектара. 

Празмерны рост дзяржаўнага доўгу і зніжэнне ЗВР нясе стратэгічныя рызыкі для краіны — будзе цяжэй займаць танныя грошы на фінансавых рынках. Рэзервы беларускага Нацбанка больш чым сціплыя. Аднак выкарыстанне ЗВР часова здымае пагрозу дэвальвацыі рубля, якая стала б непазбежнай, калі б Жлобін ратавалі рублёвай эмісіяй. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?