Кошт угоды — 640 млн даляраў у дзень угоды плюс да 125 млн даляраў у якасці дадатковага ўзнагароджання.

Топ-менеджары Easybrain Пётр Скаромны, Мацвей Цімашэнка і Алег Грушэвіч стануць трэцімі па велічыні акцыянерамі Embracer. А Easybrain — восьмай даччынай кампаніяй Embracer, яе па-ранейшаму будзе ўзначальваць стары менеджмент.

Embracer Group раскрывае некаторыя дэталі ўгоды. Кошт куплі ў першы дзень з улікам свабодных грашовых сродкаў і без уліку пазыковых сродкаў складае 640 млн даляраў і аплачваецца зноў выпушчанымі акцыямі Embracer B. пры гэтым акцыі на 130 млн даляраў выдаюцца прадаўцам пры закрыцці без абмежаванняў, на 220 млн даляраў — з шасцімесячным блакаваннем, на 145 млн даляраў —з блакаваннем на адзін год і яшчэ на 145 млн даляраў — з двухгадовым блакаваннем. Пры ўмове выканання ўзгодненых фінансавых паказчыкаў на працягу шасці гадоў дадатковае ўзнагароджанне ў памеры не больш за 125 млн даляраў будзе выплачана зноў выпушчанымі акцыямі Embracer B.

Такім чынам, агульная максімальная сума ўгоды — 765 млн даляраў. Каб зарабіць па максімуме, EBIT (Earnings Before Interest and Taxes, прыбытак да выліку працэнтаў і падаткаў) за шасцігадовы перыяд у суме павінен перавышаць 600 млн даляраў.

Easybrain ацэньвае сваю выручку за 2020 год у 210 млн даляраў (111 млн даляраў — у 2019 годзе), EBIT — у 70 млн даляраў (18 млн даляраў — у 2019 годзе).

Easybrain — распрацоўшчык мабільных гульняў, спецыялізуецца на галаваломках і лагічных гульнях. Колькасць супрацоўнікаў — 230 чалавек. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Лімасоле (Кіпр), офіс распрацоўкі — у Мінску.

Па выніках 2020 года Easybrain увайшла ў топ-3 самых папулярных беларускіх распрацоўшчыкаў, паводле даных Sensor Tower. Гульні і дадаткі кампаніі карыстальнікі ўсталявалі 328 мільёнаў разоў (+75% да 2019 года).

Усяго гульні Easybrain маюць 750 млн усталяванняў і 12 млн карыстальнікаў у дзень. Партфоліа ўключае такія гульні, як Sudoku.com, Nonogram.com, Blockudoku і Pixel Art. У 2020 годзе ў ім з'явіліся Art Puzzle, Killer Sudoku і Nonogram.com Color і інш.